Пакінуў ровар без дагляду — шукай яго ў міліцыі

Міліцыя Любанскага раёну, што на поўдні Менскай вобласьці, вырашыла канфіскоўваць ровары, пакінутыя без дагляду ці не прычэпленыя замкамі. Гэткім чынам РАУС спрабуе ўпэўніць мясцовых жыхароў у неабходнасьці сачыць за сваімі двухколымі сродкамі перасоўваньня.

«За шэсьць месяцаў бягучага году ў Любанскі РАУС з заявамі аб зьнікненьні ровараў зьвярнуліся болей за 50 жыхароў раёну», — гаворыцца ў паведамленьні МУС Менаблвыканкама.


Міліцыя шукае ровары. Фота «Ляхавіцкі весьнік»

Рост колькасьці крадзяжоў ровараў на Любаншчыне ў міліцыі зьвязалі якраз з адсутнасьцю традыцыі прычэпліваць іх замкамі: у пераважнай большасьці выпадкаў пацярпелыя пакідаюць сродкі перасоўваньня без дагляду на вуліцах, каля крамаў, ля пад’ездаў дамоў, у дварах.

Міліцыянты вырашылі працаваць крэатыўнымі мэтадамі: «з мэтай прадухіленьня магчымых крадзяжоў ровараў і падвышэньня адказнасьці грамадзян за сваю маёмасьць» любанскія праваахоўныя органы паабяцалі канфіскоўваць усе ровары, што будуць пакінутыя без дагляду ці замкоў.

Па інфармацыі Tut.by, амаль за месяц «акцыі», ніводны ровар пакуль не сканфіскаваны. У Любані гэткія вынікі зьвязваюць з рэакцыяй насельніцтва на пагрозы міліцыі.

«Акцыя» па канфіскацыі ровараў працягнецца ў Любані да 31 ліпеня: да гэтага часу тых, хто пакінуў ровар без дагляду, наказваць ня будуць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0588 seconds.