Рэктар БДУ напісаў аўтабіяграфічную кнігу

У дзяржаўным беларускім выдавецтве выйшла кніга рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сяргея Абламейкі «Кібэрнэтыка жыцьця: разважаньні акадэміка».


Відэа-блогер, а цяпер і пісьменьнік Сяргей Абламейка на вокладцы ўласнай кнігі

«Мне хочацца паказаць, як просты хлопец зь беларускай глыбінкі можа ў нашай краіне прайсьці ўсе прыступкі і стаць вядомым у сьвеце навукоўцаў», — так сфармуляваў аўтар адну з мэтаў кнігі.

Кніга рэктара «Кібэрнэтыка жыцьця: разважаньні акадэміка» выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука». «Народная воля» цытуе спадара Абламейку і адзначае, што «ўжо ў 34 гады ён абараніў доктарскую дысэртацыю і стаў прызнаным у сьвеце навукі. Але гэта было ня ў Беларусі, а ў СССР».

Сяргей Абламейка — сапраўды акадэмік. Ён прызнаны спэцыяліст у галіне інфарматыкі і інфармацыйных тэхналёгій, апрацоўкі малюнкаў. Будучы рэктар нарадзіўся ў сям’і аграінжынэраў. Бацькі скончылі Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках і ўсё жыцьцё прапрацавалі ў Воранаўскім раёне: бацька — інжынэр-землеўпарадчыкам, маці — аграномам.

Сваім караням, бацькам, дзяцінству і юнацтву Сяргей Абламейка прысьвяціў асобны разьдзел. Але агулам кніга — аб беларускай навуцы і яе людзях. Аб настаўніках, вучнях, сябрах.

Сяргея Абламейка ня ўпершыню праяўляе актыўнасьць як творчая асоба. Зь зімы 2011 году ён вядзе відэа-блог на сайце БДУ, дзе распавядае аб падзеях, зьвязаных з унівэрсытэтам, а таксама пра свае спартовыя зацікаўленасьці і вандроўкі.

Зь вясны 2011 году супраць рэктара БДУ дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу. Яму ў шэрагу іншых кіраўнікоў беларускіх ВНУ забаронены ўезд у ЭЗ за адлічэньні студэнтаў па палітычных матывах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.5099 seconds.