Міліцыя без тлумачэньня затрымала 10 чалавек на менскім рок-канцэрце
Міліцыя сарвала рок-канцэрт, што мусіў у сераду прайсьці ў менскім клюбе «6А». Без тлумачэньня прычынаў невядомымі былі затрыманыя як мінімум 10 наведвальнікаў канцэрта, пазьней некаторых зь іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве.
Невядомы з рацыяй — адзін з тых, хто перарваў канцэрт — выклікае «ўсё машыны, якія ёсьць у раёне». Кадар зь відэа ўдзельніка канцэрту
Канцэрт з удзелам беларускіх і расейскіх хард-рок-гуртоў RЕКА, MARATHON, CHALLENGER DEEP, FACE FORWARD і ICE GRILLZ распачаўся на 2 гадзіны пазьней заплянаванага. Як піша карыстальнік Vkontakte Стас Муравіцкi, ужо на першай песьні першага гурту ў памяшканьне клюбу «6А» на Партызанскім праспэкце ўварваліся невядомыя людзі ў цывільным і запатрабавалі спыненьня канцэрту:
«Людзі, якія прыйшлі ўбачыць свае ўлюблёныя групы, атрымалі чырвонае сьвятло, таму натуральна сталі патрабаваць ад цывільных пасьведчаньні і падставы для заканчэньня канцэрту», — піша Стас.
«Акрамя адборных мацюкоў і спробаў выхапіць людзей з натоўпу ў 100–150 чалавек, я нічога канкрэтнага не ўбачыў, і ўжо тым болей не пачуў. Сваіх жа, людзей, што прыйшлі на канцэрт і каго гэтыя вырадкі ў цывільным хацелі забраць, адбілі знаёмыя і сябры».
У выніку канцэрт быў спынены, публіку вывелі зь памяшканьня клюбу. Як мінімум 10 чалавек затрымалі, у тым ліку тых, хто настойліва патрабаваў пасьведчаньня ў невядомых людзей.
Відэа ўдзельніка канцэрту
У пастарунку маладыя людзі даведаліся, што падставай для затрыманьня стала праверка на алькаголь. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», у Ленінскае РУУС прывезьлі найменей 7 чалавек: Яўгена Чарнічэнку, Данілу Цеплякова-Шугалея, Мікіту Перагуда, Аляксандра Упераўца, Яўгена Тарасевіча, Юрыя Рыбянца і Сяргея Баловіна.
Суды над імі пройдуць сёньня, 21 ліпеня.