Беларусы No Comment Band перамаглі на Emergenza Festival у Маскве

Беларускі гурт No Comment Band вярнуўся з Масквы, дзе стаў пераможцам расійскага адборачнага тура буйнога міжнароднага фэстывалю Emergenza і цяпер у жніўні адправіцца ў Германію, каб пазмагацца за перамогу ў міжнародным фінале.

Фэстываль-конкурс Emergenza праходзіць з 1994 года. Гэта найбуйнейшы міжнародны музычны фэст для пачаткоўцаў і паўпрафэсійных гуртоў. У ім прымаюць удзел толькі жывыя калектывы любых напрамкаў, а конкурсныя адборы праходзяць у двух зь лішнім дзесятках краін сьвету, ад Эўропы да ЗША і Японіі. Пераможца міжнароднага фіналу атрымлівае магчымасьць запісаць альбом і адправіцца ў тур па Эўропе.

У Маскву No Comment Band адправіўся дзякуючы перамозе ў беларускім адборачным туры Emergenza, фінал якога адбыўся ў Менску ў сакавіку. У Маскве менчукам давялося пазмагацца з 12 пераможцамі з розных рэгіёнаў Расіі перад тварам аўтарытэтнага журы, у якім былі вядомы прадусар Леанід Бурлакоў (Земфіра, «Мумій Троль»), прадусар Emergenza Berlin Маціас Прылер ды іншыя адмыслоўцы. І менавіта яны зрабілі свой выбар на карысьць No Comment Band.

«Галоўным фактарам посьпеху гурта была яе маналітнасьць па ўсіх артыкулах, — лічыць член журы, прадусар расійскага адборачнага туру Emergenza Андрэй Штэйнмарк. — У кагосьці былі крыху больш моцныя музыкі, у кагосьці — больш цікавы матэрыял, хтосьці яшчэ лепш працаваў з публікай, але сабраць усе крытэры ацэнкі на найбольш высокім узроўні змаглі менавіта No Comment Band».

Пацешна, што беларусы ўскочылі літаральна ў апошні вагон. У фінале яны выступалі перадапошнім і на той момант журы ўжо было практычна ўпэўнена, што ў Нямеччыну паедзе зусім іншы гурт.

«Да апошняга моманту фаварытам журы была каманда Edgecrusher з Калінінграда, якая выконвае якасны альтэрнатыўны мэтал. Але тут на сцэну выйшлі No Comment Band і ўсё памянялася», — распавёў Андрэй Штейнмарк.

«Мы зьлёгку ў шоку, — прызнаецца лідэр No Comment Band Мацьвей Купер. — Ніяк ня верылася, што журы, якое практычна цалкам складалася з расейцаў, аддасьць пуцёўку ў Германію менавіта нам, пакінуўшы расійскія каманды па-за справамі. Але, на шчасьце, геаграфічны фактар там наагул нікога не хваляваў. Так што цяпер будзем старацца апраўдаць давер».

Міжнародны фінал Emergenza адбудзецца 12-14 жніўня ў Германіі ў рамках Taubertal Festival — аднаго з найбуйнейшых нямецкіх опэн-эйраў, хэдлайнэрамі якога ў гэтым годзе будуць Iggy & The Stooges, Rise Against, NOFX, Dropkick Murphys, The Subways, Bullet For My Valentine, Pendulum і інш.

Гурт No Comment Band выконвае музыку ў стылі positive funky rock з тэкстамі на англійскай мове. Калектыў быў утвораны ў 2009 годзе ў Менску. У канцы траўня 2011 гурт прадставіў відэакліп «I Wanna Be Madonna» і міні-альбом, які можна спампаваць на сайце www.nocommentband.com.

12:00, 30/06/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0551 seconds.