Першы кліп «No comment band» (відэа)

29 траўня ў клюбе Coyote адбылася прэзэнтацыя першага кліпа новай узыходзячай зоркі «No comment band». У прысутнасьці немалога ліку прыхільнікаў сучаснага року малады гурт уступіў у лік калектываў, якія маюць паўнавартасны набор выступаў на буйных фэстах, конкурсных перамог, запісаных трэкаў і кліпаў.

У гэтай каманды, якая ўтварылася ўсяго паўтары гады таму — рэпутацыя пераможцы, маладога і нахабнага, які без камэнтароў пераступае праз зрынутых сапернікаў у цэлым шэрагу музычных конкурсаў. Шматлікім прыхільнікам «No comment band» ужо вядомы сваімі выступамі на буйных фэстах «Рок за баброў-2010», «Сафоний-2010», «Emergenza».

Дарэчы, празь некалькі дзён, 4 ліпеня, гурт прыме ўдзел у open-air «Рок за баброў-2011» разам з «Мумій Троль» і «Gorky Park».

Сабралася пяцёрка вясёлых і крэатыўных хлопцаў, якія ўтварылі «No comment band», у Беларусі, у 2009 годзе. І ўжо ў наступным годзе пра іх пачулі на беларускіх і расійскіх фэстывалях, прычым гралі хлопцы на адной сцэне з такімі ўжо раскручаным і папулярнымі калектывамі, як «Воплi Вiдоплясова», «Градусы», «Гарик Сукачев», «Touch&Go», «Ногу свело».

У лютым 2011 года «No comment band» запісвае першыя пяць трэкаў, здымае першы кліп, а ў сакавіку гурт атрымлівае перамогу ў беларускай event-прэміі «Чырвоная морква-2011» у намінацыі «Лепшы музычны калектыў\гурт».

Гэты месяц аказаўся ўдалым для хлопцаў: у сакавіку «No comment band» перамагае і ў адборачным туры найбуйнейшага міжнароднага фэсту «Emergenza», трапляючы ў фінал, які пройдзе ў Маскве.

Час выходзіць на шырокую аўдыторыю з кліпамі, ці не так? Запісаны ў лютым кліп на песню «I wanna be Madonna» пасьпяхова прадэманстраваны публіцы. Аматары сучаснага року, якія сабраліся на гэтай падзея, змогуць жа потым сказаць малодшаму пакаленьню: «Я хадзіў на прэзэнтацыю самага першага кліпа гэтага гурта! Гэта было… гэта было… карацей, без камэнтароў!».

13:00, 30/05/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.