Купальле тысячагодзьдзя

Купальле — сьвята інтэрнацыянальнае. Пад назовам Midsommar недзе паміж 21 і 24 чэрвеня яго сьвяткуюць у шматлікіх эўрапейскіх краінах ад Швэцыі да Гішпаніі. Шмат дзе гэты дзень выходны. Зрэшты, як і ў большасьці балтыйскіх краін, напрыклад, Літве, дзе Купальле-Ёнінес становіцца ўсё больш значнай падзеяй. Дзеля таго, каб пабачыць, як Купальле сьвяткуюць у Прыбалтыцы, варта найперш адпраўляцца у Кернаву — адно з найбольш старажытных паселішчаў гэтай часткі Эўропы.

Яшчэ некалькі гадоў таму літоўскае Купальле, як і беларускае, адзначалі хто як пажадае: нехта сьвяткаваў у дзень летняга сонцастаяньня, нехта — па праваслаўнай традыцыі на 13 дзён пазьней, а большасьць — недзе паміж гэтым датамі. Балазе найбольш кароткія ночы ў годзе адбываюцца цягам некалькіх сутак, таму заўжды была магчымасьць выбраць дзень па смаку. Але цяпер Купальле ў Літве зрабілі нацыянальным сьвятам з усімі наступствамі гэткага кроку. Ёнінес — цалкам выходны дзень, ад чаго чакаць сьвітанку зусім ня страшна: на працу нараніцу ня трэба.

Традыцыі сьвяткаваньня Купальля паходзяць з паганскіх часоў, ад таго стыль сьвяткаваньня супольны. Як і беларусы, літоўцы зьбіраюцца ў гэты дзень ля вады, пяюць традыцыйныя песьні, запальваць вогнішча і скачуць цераз яго. Дзяўчаты плятуць вянкі ды пускаюць іх па вадзе. Таксама на Ёнінес шукаюць папараць-кветку.

Забароненая традыцыя

Кернава — гэта горад асобнай гісторыі, месца, дзе людзі жылі яшчэ 10 тысячаў гадоў. Літоўская Троя — гэтак горад назвалі пасьля таго, як ён быў наноў адкрыты-адкапаны археолягамі. З тых часоў, дарэчы, на кернаўскіх замчышчах ладзіцца штогадовы Дзень археоляга: літоўцы імкнуцца адрэканструяваць жыцьцё сваіх продкаў у падрабязнасьцях.

Цяпер па дзесятку кернаўскіх ўзгоркаў турфірмы возяць турыстаў, распавядаючы пра «трэцяю сталіцу Літвы». Зрэшты, адмыслоўцы пакуль не дамовіліся аб тым, пераважна славянскі гэта быў горад, ці балцкі, аднак тое, што жылі ў ім нашы продкі — ніхто не аспрэчвае.

Купальская Керанава ў праменях захаду — гэта наўпроставая ілюстрацыя «Шостага падарожжа» Касі Камоцкай. Пад кожным пагоркам гэтай маленькай Эўропы сьпяць дзесяткі каралёў-князёў. І над кожным узгоркам высіцца старажытны Купалка (жардзіна, упрыгожаная травамі і агнём на яе вяршыні). На буйнейшым замчышчы — галоўнае вогнішча, вакол якога сотні людзей. Бліжэй да абрыву гарадзішча — дзяўчыны, што плятуць з палявых кветак, сабраных тут жа, вянкі. Да ракі — дзьве сотні мэтраў, і гэты шлях зь цьвярдыні бачны здалёк: дарога віецца ў мірганьні факелаў, што мае амаль кожны ўдзельнік шэсьця да ракі Вільлі.

Роўна ў гадзіну ночы над Кернавай узыходзіць жоўты месяц, а над абрывістым берагам Вільлі выстройваюцца жанчыны ў нацыянальных строях і пачынаюць свае сьпевы. Іх твары, асьветленыя факеламі, адсылаюць да архаікі мінулых стагоддзяў. Калі выкрасьліць мадэрновую вопратку публікі і сполахі камэр, можна паверыць, што 800 гадоў усё было такім жа самым: дзяўчыны ў белым, што апускаюць вянкі з запаленым сьвечкамі на ваду, сьпевы і высачэзнае вогнішча.

Аднак каб сьвята набыла такую папулярнасьць, спатрэбілася шмат намаганьняў: першую купальскую ноч актывісты фолькавых суполак правялі тут 40 гадоў таму. З тых часоў сьвята ня раз забаранялі, а КДБ у сваіх дакумэнтах называў Купальле «нацыяналістычным сьвятам». Як ні дзіўна, і ў 2011 годзе на Зямлі засталіся месцы, дзе Купальле ўсё яшчэ лічаць нацыяналістычным сьвятам, а яго ўдзельнікі атрымліваюць пакараньні з-за імкненьня да адраджэньня традыцый.

Лічыцца, што раніцаю на Купала сонца грае, яно некалькі разоў заходзіць і вяртаецца ў ваду. Сонца такім чынам асьвячае ваду, ад таго яна моцная і сьвятая. Купальскае сонца раніцою быццам купаецца ў вадзе, ад таго кожны, хто акунецца ў яе, набудзе вялікую фізычную моц.

Асабліва, калі паверыць у гэта.

Таксама: Фотарэпартаж з сьвяткаваньня Купальля ў Кернаве.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.