На Магілёўшчыне разагналі сьвяткаваньне Купальля

У Бялыніцкім раёне Купальле разганялі сіламі міліцыі і АМАПу. Некалькіх жадаючых паскакаць праз вогнішчы пакаралі максымальнымі штрафамі. Афіцыйная вэрсія разгону — забарона на наведваньне лясоў. Аднак удзельнікі сьвята маюць іншыя думкі.


Сьвяткаваньне Купальля 2011 г. мігрантамі зь Беларусі ў горадзе Крос-Рывер, штат Нью-Ёрк, ЗША. Фота Serge Trigoubovich

У лесе недалёка ад гораду Бялынічы, што на Магілёўшчыне, людзі зьбіраюцца на Купальле ўжо 11 гадоў запар. Як перадае Эўрапейскае радыё, сёлета ім забаранілі ўехаць у лес, нібыта з-за пажарнай небясьпекі. Пры гэтым зараз ідзе дождж і ў лесе ўсё мокрае.

Як паведамляе Радыё Рацыя, сёлета на месца сьвяткаваньня, дзе ўжо зьбіраліся людзі — чакалася ля ста чалавек, прыехаў начальнік Бялыніцкага раённага ўпраўленьня МНС Станіслаў Бурко, начальнік мясцовай міліцыі Юры Сіманаў, участковы інспэктар, лясьнічы і аўтобус АМАПу.

Ад купальцаў запатрабавалі зьехаць зь лесу цягам дзьвюх гадзін, а іначай іх паабяцалі затрымаць да панядзелку. У выніку аштрафавалі 3-х чалавек: дваіх на 25 базавых велічыняў (гэта 875 тысяч рублёў — максымальна магчымы штраф за наведваньне лесу без дазволу), аднаго — на 20 базавых, што складае каля 700 тысяч.

«Склалі пратакол. Спыталі, за што складаюць — што касьцёр разьвялі, а касьцёр яны акапалі, ня ў лесе, на чыстай мясцовасьці, з усімі патрабаваньнямі пажарнай бясьпекі», — распавядае адна з удзельніц гуляньняў Натальля Мяцеліца.

Арганізатары Купальля, як паведамляецца, дэмакратычныя актывісты, атрымалі папярэджаньне ад міліцыі аб забароне сьвяткаваньня яшчэ ў аўторак, аднак новае месца не знайшлі. У папярэднія гады яны ня мелі ніякіх праблем з арганізацыяй сьвята. Летась на Купальлі на Друці быў экс-кандыдат у прэзыдэнты паэт Уладзімір Някляеў.

Забарона на наведваньне лясоў у Бялыніцкім раёне была ўведзеная адначасова зь іншымі рэгіёнамі Магілёўскай вобласьці ўведзеная 13 чэрвеня. Тады па ўсім рэгіёне ў час сьпёкі распаўсюдзіліся лясныя пажары. Паводле правілаў, знаходзіцца ў час гэткай забароны можна толькі ў тых месцах, дзе абсталяваная адмысловая стаянка для турыстаў. Паліць вогнішчы ў лясах дазваляюць толькі на адмысловых пляцоўках. Аднак у сувязі з пахаладаньнем на гэтым тыдні лесьнікі зьвярнуліся да адміністрацыі з просьбай зьняць забарону на наведваньне лясоў. Адпаведнае рашэньне пакуль не прынятае.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.