Трэцяя пяцёрка заявак на конкурс Басовішча-2011

Штогод «Басовішча» дае магчымасьць пазнаёміцца з маладымі беларускімі гуртамі. Што зьявілася новага ў беларускай альтэрнатыўнай музыцы? Generation.by працягвае агляд заявак ад маладых гуртоў, што зьвярнуліся на конкурс фэстывалю. І так, трэцяя пяцёрка гуртоў, гатовых пазмагацца за галоўныя прызы на гістарычнай сцэне ў борыку Гарадка на Беласточчыне: знаёмімся з Dziakuj, IGO, «Мясцовыя», «Мутнаевока» i «Скрыжалі».

У першых аглядах мы ўжо пазнаёміліся з гуртамі:

Цяпер працягваем!

    DziaKuj

  • Горад: Менск
  • Год стварэньня: 2011
  • Стыль: хард-рок
  • Трэк: zabudzsia_na_usio.mp3

Гурту пакуль ідзе толькі чацьверты месяц. У складзе тры студэнты: будучыя харавы дырыжор, кантрабасіст ды праграміст. У «Дзякуй» ужо 5 песень у праграме.

«Вельмі хочацца Выступіць на Басовішчы…)))) Для нас гэта вопыт, вучоба, гэта магчымасьць знайсьці новых сяброў, новыя творчыя кантакты, выдатна правесьці час, паказаць людзям сваю музыку й падарыць ім добры настрой».

    IGO

  • Горад: Гародня
  • Год стварэньня: 2009
  • Стыль: folk-metal
  • Трэк: radzima.mp3

Гарадзенскі гурт ИГО існуе два гады, удзельнічае ў мясцовых канцэртах, таксама падрыхтаваў праграму «Айчына» для запісу альбому.

«Спадзяемся на ўдзел, на добры гук, на знаёмствы. Гурт ИГО на фэстывалі раней не выступаў, аднак рытм-гітарыст удзельнічаў у Басовішчы-97 як удзельнік гурта Deviation».

    Miascovyja (Мясцовыя)

  • Горад: Бяроза
  • Год стварэньня: 2004
  • Стыль: rock, soft - alternative
  • Трэк: jakoje_zaviecca.mp3
  • У Сеціве: vkontakte

Гісторыю гурта можна падзяліць на некалькі пэрыядаў. Заснаваньне можна аднесьці да 30 красавіка 2004 года. Тады гурт упершыню зайграў на сцэне ў родным горадзе. Было напісана шмат песень. Музыкі адным складам былі разам амаль пяць гадоў. А потым частка музыкаў разьбеглася. За плячыма засталіся некалькі канцэртаў у Менску і па Беларусі ды фэст у Польшчы. Новы склад музыкаў таксама пратрымаўся нядоўга: музыкі паступілі ва ўнівэры і разьляцеліся. Але браты Макс і Дзяніс не спыніліся і вырашылі запрасіць новых музыкаў. Знайшлі. І працуюць разам амаль паўгады. Аднак з посьпехам. Зь лістапада 2010 года хлопцы ўжо ня раз выступалі з канцэртамі. Запісалі некалькі песень ды выдалі дэбютны ЕР. А адна з песень, «Сьляпое каханьне», запісана са сьпявачкай пад прыгожым імем Sonika. Цяпер гурт плянуе запісаць яшчэ песень ды стварыць свой сайт.

«Вельмі хочацца прыняць удзел на Басах, бо гурт не ўпершыню спрабуе туды завітаць. І не галоўнае як кажуць перамога — галоўнае ўдзел. Спадзяемся сустрэць новых сяброў, добра адпачыць, пазнаёміцца зь іншымі гуртамі, каб у будучым зладзіць разам які-небудзь канцык. Ну і канешне на самой справе адчуць, што такое Басовішча! Посьпехаў гуртам і арганізатарам!»

    Мутнаевока

  • Горад: Менск
  • Год стварэньня: 2006
  • Стыль: «мутны рок»
  • Трэк: soundtrack.mp3
  • У Сеціве: myspace.com

Скрозь клюбы, пэрформансы і разнастайныя пляцоўкі на працягу чатырох год калектыў ішоў да дэбютнага альбому «Пошлы гламур» (БМА 2010). Прэзэнтацыя прайшла на пачатку траўня ў клюбе «Рэактар». У тым жа годзе гурт узяў ляўрэатнае месца на фэстывалі «Рок за Баброў». З посьпехам прымаў удзел у кожным з фэстаў «Жывы гук on-line» (2009-2011) пад кіраўніцтвам Піта Паўлава. Даў канцэртаў па гарадах Беларусі з альбомнай праграмай, таксама выступіў у Маскве на паніхідзе па Кабэйну. Адным з апошніх выступаў гурта адзначыўся вялікі сольны канцэрт у клюбе «Рэактар» (2011). Нягледзячы на розныя гаворкі і байкі пра гурт, дзякуючы багатай спадчыне, ён талькі зараз бярэ свой творчы пачатак.

«Зь вялікай павагай ставімся да “Басоў” і, калі нас возьмуць, — паедзем толькі за перамогай…ну і канешне было б цудоўна апынуцца на фэсьце разам зь сябрамі, “Авіас”, напрыклад)».

Гурт «Скрыжалi» нарадзiўся ў невялiчкiм горадзе Горкi ў 2002 годзе. Першы выступ – на фэсьце «Рок-каляды 2003». Затым быў шэраг фэстаў ды выступаў у Менску, Вiцебску i iншых гарадах. У 2009 «Скрыжалi» пераехалі ў Менск, дзе аднавілі дзейнасьць. Гурт неаднаразова прымаў удзел у конкурсах «Бардаўская восень» , «Купалаўскiя вакацыi» ды розных фэстах.

«На жаль, раней на «Басовішчы» не бывалі, аднак спадзяемся ня проста паўдзельнічаць у адным з буйнейшых беларускамоўных фэстаў, але й атрымаць перамогу; пабачыць лепшых музыкаў нашай краiны ды прэзэнтаваць слухачам некалькi нашых песень».

Арганізатары фэстывалю — сябры БАСу завершылі прыём заявак на конкурс «Басовішча-2011», аднак агляды гуртоў на Generation.by, прынятых на конкурс, яшчэ працягваюцца. Пасьля журы фэстывалю абярэ каманды, якія й будуць запрошаныя на конкурсную частку «Басовішча» ў Гарадок (Польшча). 

Generation.bY зьяўляецца галоўным інфармацыйным партнэрам «Басовішча» ў Беларусі. Усе навіны сёлетняга фэсту, а таксама папярэдніх гадоў — у адмысловым разьдзеле сайту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0613 seconds.