Беларусбанк прадаў студэнтам і спартоўцам без чаргі каля $1 млн.

Крыху болей за 800 чалавек зьвярнуліся ў Беларусбанк з пачатку траўня, каб набыць валюту на сацыяльна значныя мэты па льготным курсе. Пераважная большасьць кліентаў шукала грошы для навучаньня за мяжой.

«На сацыяльна значныя мэты», пад якімі беларуская дзяржава разумее неабходнасьць выезду на навучаньне альбо лекаваньне, Беларсбанк прадае валюту з траўня. Як стала вядома БелаПАН на 1 чэрвеня ва ўстановы гэтага банку зьвярнуліся 815 чалавек, якія скупілі 345 000 даляраў, 210 000 эўра і 10.15 млн. расейскіх рублёў. Агулам гэта каля 1 млн. даляраў.


Студэнты скупілі каля $1 млн. меньш чым за месяц

Асноўная маса зваротаў тычыцца валюты для аплаты навучаньня і пражываньня студэнтаў у замежных краінах, найперш Расеі.

У пачатку траўня Беларусбанк абвясьціў, што будзе прадаваць валюту без чаргі па афіцыйным курсе ў тым ліку і тым, хто едзе за мяжу вучыцца. У гэтым выпадку валюту па курсе 5 000 рублёў за даляр пераводзілі на рахункі студэнтаў дзеля аплаты за навучаньне і пражываньне ў іншай краіне.

Апошнім часам зьявіліся і новыя падставы для продажы валюты па-за чаргой. Яе пачалі вылучаць спартоўцам, а таксама праграмам, што займаюцца аздараўленьнем дзяцей, пацярпелых праз Чарнобыльскую аварыю.

Заяўнік з мэтай набыцьця валюты на сацыяльныя мэты зьвяртаецца ў Беларусбанк па месцы жыхарства. Да заявы прадстаўляюцца дакумэнты, якія пацьвярджаюць мэту і неабходную суму валюты. Пакет дакумэнтаў у кожным асобным выпадку разглядаецца індывідуальна, напрыклад, для аплаты навучаньня патрабуюцца копіі дагавора на навучаньне, дакумэнта, які сьведчыць статус студэнта, выклік на сэсію, рахунак-фактура на аплату, праязныя квіткі і г.д. Кантроль абгрунтаванасьці куплі ажыцьцяўляюць установы банка.

Фінансавы камітэт банка дадаткова разглядае абгрунтаванасьць падачы заяў і ў выпадку станоўчага рашэньня дазвол на ажыцьцяўленьне продажу даводзіцца да ўстановы банка, якая прыняла заяву і інфармуе заяўніка пра магчымасьць набыцьця валюты. Заяўнік інфармуецца як пра станоўчае, гэтак і пра адмоўнае рашэньне камітэту.

Наяўную валюту студэнтам пабачыць немагчыма: яе спачатку пераводзяць на яго рахунак, а пасьля на рахунак установы адукацыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0045 seconds.