Жаночы інстытут ЭНВІЛА ліквідуюць

Жаночы інстытут ЭНВІЛА спыняе набор абітурыентак і будзе далучаны да іншай ВНУ. Афіцыйная прычына — адмова ў арэндзе памяшканьня. Аднак многія зьвязваюць закрыцьцё адзінай выключана жаночай навучальнай установы зь менскім выбухам 11 красавіка. Паведамлялася, што дзяўчына меркаванага выканаўцы выбуху вучылася ў гэтым інстытуце.


Жаночы інстытут ЭНВІЛА. Фота з афіцыйнага сайту

Рашэньне зачыніць адзіную ў Беларусі і СНД жаночую навучальную ўстанову Міністэрства адукацыі прыняло яшчэ 6 чэрвеня.

«Прынятае рашэньне спыніць з 2011 года набор у „Жаночы інстытут ЭНВІЛА“ і прыняць меры па рэарганізацыі гэтай навучальнай установы ў форме далучэньня да іншай установы вышэйшай адукацыі», — паведаміў interfax.by прадстаўнік Мінадукацыі, які пажадаў застацца неназваным.

Паводле яго словаў, «гэта рашэньне прынятае пасьля выяўленьня сур’ёзных парушэньняў патрабаваньняў тэхнікі бясьпекі і адмовы ў арэндзе памяшканьняў (каля 6 000 кв. мэтраў)».

Раней СМІ паведамлялі, што адна зь фігурантак справы аб тэракце 11 красавіка вучылася ў дадзеным інстытуце і сустракалася зь меркаваным выканаўцам выбуху. Аб тым, што варта «разабрацца» з прыватнымі ВНУ, казаў і Лукашэнка:

«Трэба паглядзець, што там за прыватныя ВНУ. Адна студэнтка з гэтага тэракту з прыватнага ВНУ. Ня можа быць, што ў нашых прыватных ВНУ рыхтуюць такіх людзей. Трэба тэрмінова разабрацца», — сказаў у час звароту да парлямэнту Лукашэнка.

Але ў Міністэрстве адукацыі сувязь адмаўляюць: «Да выбуху ў мэтро гэта ніякага дачыненьня ня мае».

Ніякай інфармацыі аб закрыцьці інстытуту на яго афіцыйным сайце няма. Затое разьдзел «абітурыентам» распавядае пра ўмовы ўступнай кампаніі. Цікава, што ў інстытуце камэнтаваць сакрэтную пастанову Мінадукацыі адмаўляюцца:

«Пастановы аб закрыцьці няма. Гэта нашы ўнутраныя справы. Набору абітурыентак ня будзе».

На той жа падставе, адмове ў арэндзе, быў у 2004 годзе ліквідаваны прыватны Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. У адрозьненьні ад ЭНВІЛы, ЭГУ спрабаваў змагацца зь Мінадукацыі, зрэшты, беспэрспэктыўна. Цяпер ЭГУ навучае студэнтаў у Вільні.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0051 seconds.