Беларускі суд аштрафаваў праграміста за «скрадзены» сайт

Віцебскі праграміст скапіяваў інтэрнэт-сайт, які належыў іншай прыватнай кампаніі, і разьмясьціў копіі ў Інтэрнэце. Уладальнік правоў на дызайн парталу сайт знайшоў і зьвярнуўся ў суд. У выніку праграміста аштрафавалі на Br875 тыс., а ўсе копіі «скрадзенага» сайту прымусілі выдаліць. Падобны працэс, прадметам разьбіральніцтва на якім была ахова аўтарскіх правоў у Інтэрнэце, у беларускай судовай практыцы адбыўся ўпершыню.

27-гадовы інжынэра-праграміст аднаго з прыватных прадпрыемстваў Віцебска выкарыстаў дызайн і архітэктуру сайту, правы на які яму не належылі, для стварэньня яго незаконных копій. Праз праграмаваньне сайтаў ён атрымліваў прыбытак. На адной з «падробак» ён пазначыў спасылку на свой аўтарскі сайт, дзе рэклямаваў паслугі па стварэньню недарагіх парталаў.

Аднак уладальнік правоў на фірменны стыль і афармленьне сайта падаў на праграміста ў суд, абвінаваціўшы таго ў крадзяжы інтэлектуальнай уласнасьці. Спачатку Інстытут інтэлектуальнай уласнасьці, а за ім і віцебскі суд, пацьвердзілі, што сайт ёсьць вынікам творчай дзейнасьці, а яго дызайн і кантэнт — аб’ектамі аўтарскага права, перадае БелТА.

Суд прызнаў праграміста вінаватым ў незаконным выкарыстаньні аб’екта аўтарскага права і прысудзіў да выплаты штрафу дзяржаве ў Br875 тыс. Усе копіі сайту былі выдаленыя зь Сеціва. Судовая пастанова уступіла ў законную сілу, вінаваты сплаціў штраф.

Судовае рашэньне, па словах юрыстаў, стварыла прэцэдэнт па выкарыстаньні артыкулу беларускага Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях «Парушэньне аўтарскіх, сумежных і патэнтавых правоў» для Інтэрнэту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0072 seconds.