«Басовішча-2011» да 10 чэрвеня зьбірае заяўкі ад маладых гуртоў на конкурс

Да 10 чэрвеня Беларуская асацыяцыя студэнтаў у Польшчы зьбірае заяўкі ад маладых гуртоў, якія жадаюць прыняць удзел у сёлетнім конкурсе «Басовішча». Беларускамоўныя гурты мусяць падрыхтаваць 4 песьні, запоўніць анкету і даслаць іх на пошту БАС.


У мінулым годзе перамогу ў конкурсе Басовішча атрымаў магілёўскі гурт Akute з галоўным прызом — 1000 даляраў ды запіс на студыі

Традыцыйна фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» ўключае конкурсную праграму, у якой прымаюць удзел беларускамоўныя гурты зь Беларусі ды Польшчы. Сёлета арганізатары плянуюць абраць з дасланых заявак 7-8 гуртоў.

«Дакладная колькасьць будзе залежыць ад музычнага ўзроўню гуртоў: можа атрымацца 5 як у мінулым годзе, а можа і 10», — распавяла Generation.by Кася Кузьміч, старшыня БАС.

Умовы ўдзелу ў конкурсе Басовішча-2011

  • Прыняць удзел традыцыйна могуць толькі беларускамоўныя гурты
  • Жанравых абмежаваньняў няма
  • Гурт мусіць запоўніць і даслаць адмысловую анкету
  • Даслаць запісы 4 песень на беларускай мове

Анкеты і запісы песень, а таксама (пры наяўнасьці відэа) неабходна дасылаць на konkurs@basowiszcza.org

Узнагароды і журы сёлетняга фэстывалю

Арганізатары плянуюць сёлета зрабіць ўзнагародай для пераможцаў конкурсу запіс у менскай студыі, а таксама чэк на закуп інструмэнтаў у музычнай краме ў Польшчы.

У журы будуць 3 чалавекі: музыка, або музычны журналіст зь Беларусі, музыка-прадстаўнік беларусаў у Польшчы, музычны журналіст польскага радыё.

Вольная сцэна

У межах фэстывалю таксама традыцыйна плянуецца «Вольная сцэна», дзе могуць выступіць таксама небеларускамоўныя гурты. Заявы на ўдзел у ёй неабходна дасылаць на wolnascena@basowiszcza.org.

Басовішча адбудзецца сёлета 22-24 ліпеня ў традыцыйным борыку каля Гарадка ў Польшчы непадалёк ад беларускай мяжы.

vojur 12:47, 18/05/2011 | Басовішча |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0598 seconds.