Жывы Чарнобыль

Вясной горад Прыпяць, былы атамаград, кінуты яго насельнікамі праз некалькі дзён пасьля чарнобыльскай катастрофы, выглядае куды болей прывабна, чым узімку. Пабудаваны па тыповых савецкіх праектах, ён лічыўся вельмі камфортным горадам для жыцьця, што, мабыць, адчувалі 47 тысячаў яго жыхароў. Але роўна 25 гадоў таму ў адзін дзень усе яны былі эвакуяваныя, каб пасьля вяртацца сюды толькі ў якасьці турыстаў. Фотарэпартаж зь кінутага людзьмі, але не вясной і прыродай, гораду, зроблены ў час звычайнай турыстычнай вандроўкі.

Трапіць у Чарнобыль і прылеглыя раёны няцяжка: экскурсіі ў зону пастаўленыя на паток. Для замежнікаў — невялікі экстрым пасярод сумнай штодзённасьці, для ўкраінцаў — крыніца прыбытку. Гінтаре Жалкаўскайце прыехала ў зону ў складзе адной з такіх экскурсій празь некалькі дзён пасьля сьвяткаваньня 25-годзьдзя пасьля катастрофы, і пабачыла яе ня столькі кінутай, наколькі абрабаванай.

Паводле словаў Гінтаре, амаль адразу пасьля катастрофы ў горад Прыпяць пачалі паломніцтва марадзёры (жыхарам у час імгненнай эвакуацыі абяцалі, што іх вернуць дадому праз тры дні — нават цёплых рэчаў браць не дазвалялі). Але ніхто не вярнуўся, а ў наступныя гады з кватэр шматпавярховікаў сьцягнулі літаральна ўсё, нават батарэі. Цяпер «чарнобыльскай дабро» пыліцца па хатах грамадзян па ўсім былым саюзе.

Былыя жыхары Прыпяці могуць некалькі разоў у год наведаць кінуты горад. Яны гуляюць па горадзе, фоткаюцца на фоне іржавых арэляў і басэйну ля чацьвёртага энэргаблёку, у якім цяпер разводзяць гіганцкіх самоў. Турысты думаюць, што рыба займела неверагодныя памеры з-за радыяцыі, але адбылося гэта, хутчэй за ўсё, з-за таго, што ніхто яе ня ловіць і не забівае, а наадварот — падкормліваюць. Праўда, як кажуць эколягі, многія самы паміраюць ад раку.

Адзін з самых небясьпечных месцаў зоны — «Чырвоны лес». Зараз гэта чыстая паляна, але раней тут быў лес, які празь некалькі месяцаў пасьля катастрофы вырубілі, бо ён «узяў» вялізную долю радыяцыі і ўначы сьвяціўся чырвоным заравам. Лес закапалі адразу ж на месцы, дзе раней ён стаяў. Цяпер тут пустыр і месца, дзе ня тое што спыняцца нельга, нават фортку ў машыне прыадчыняць забаронена, калі каля яго праязджаеш.

Многія здымкі з Прыпяці мы бачылі ўжо сотні разоў у фільмах пра Чарнобыль і ў Інтэрнэце — знаёмыя кадры дзіцячых цацак і кінутага атракцыёну адклаліся ў памяці ня горай за выявы найбольш знакамітых турыстычных аб’ектаў. Нават катастрофа ператварылася тут у руціну.

Яшчэ 20 здымкаў фотарэпартажу з Прыпяці

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.058 seconds.