Вясной горад Прыпяць, былы атамаград, кінуты яго насельнікамі праз некалькі дзён пасьля чарнобыльскай катастрофы, выглядае куды болей прывабна, чым узімку. Пабудаваны па тыповых савецкіх праектах, ён лічыўся вельмі камфортным горадам для жыцьця, што, мабыць, адчувалі 47 тысячаў яго жыхароў. Але роўна 25 гадоў таму ў адзін дзень усе яны былі эвакуяваныя, каб пасьля вяртацца сюды толькі ў якасьці турыстаў.
Трапіць у Чарнобыль і прылеглыя раёны няцяжка: экскурсіі ў зону пастаўленыя на паток. Для замежнікаў – невялікі экстрым пасярод сумнай штодзённасьці, для ўкраінцаў – крыніца прыбытку.
Многія здымкі з Прыпяці мы бачылі ўжо сотні разоў. Распрацаваныя турыстычныя маршруты, на якіх сустракаюцца ідэальныя для пастановачных здымкаў кінутыя дзецьмі цацкі.
Фіны асабліва падрыхтаваліся да наведваньня Прыпяці.
Былыя жыхары Прыпяці могуць некалькі разоў у год наведаць кінуты горад. Гэтым разам яны прыехалі у кінуты горад празь некалькі дзён пасьля 25-годзьдзя пасьля катастрофы.
Прыпяць хутчэй пакідае адчуваньне горада абрабаванага, чым кінутага ў адзін момант. Вядома, што амаль адразу пасьля катастрофы сюды пачалі паломніцтва марадзёры (жыхарам у час імгненнай эвакуацыі абяцалі, што вернуць іх праз тры дні – нават цёплых рэчаў браць не дазвалялі). Таму з кватэр шматпавярховікаў сьцягнулі літаральна ўсё, нават батарэі. Цяпер яны недзе пыляцца ў кватэрах па ўсім былым саюзе.
«Чырвоны лес» – раней тут быў лес, але праз некалькі месяцаў пасьля катастрофы яго вырубілі, бо ён «узяў» вялізную долю радыяцыі і ўначы сьвяціўся чырвоным заравам. Лес закапалі адразу ж тут, і цяпер на яго месцы пустыр і месца, дзе ня тое што спыняцца нельга, нават фортку ў машыне прыадчыняць, калі едзеш.
Цяпер над чацьвёртым энэргаблёкам на эўрапейскія грошы ўзводзіцца новая бэтонная абарона. Робяць гэта французы. У сталоўку водзяць таксама і турыстаў. Кажуць, абед вельмі смачны.