Дэкан ЭГУ: «Беларуская адукацыя — вынік разлажэньня савецкай»

Кіраўніцтва апальнага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту лічыць, што беларуская адукацыя — гэта сыстэма пазбаўленьня студэнтаў магчымасьцяў, якая страціла агульную мову з эўрапейскай і ня ведае, што рабіць і куды рухацца. Завочны дыялёг міністра адукацыі Маскевіча і дэкана бакаляўрскай школы Мінянкова адбыўся напярэдадні ўступнай кампаніі 2011 году.

Учора міністар адукацыі Сяргей Маскевіч даў вялікае інтэрвію, у якім яшчэ раз пацьвердзіў прынцыпы разьвіцьця беларускай сыстэмы адукацыі, што спавядаў і яго папярэднік Аляксандр Радзькоў. Міністар лічыць, што з адукацыяй у Беларусі ўсё добра: студэнты едуць па разьмеркаваньню, платнікі вучацца на платным, кітайскія студэнты — заселеныя ў інтэрнаты, а Беларусь паціху рухаецца ў бок Балоньскай сыстэмы. Праўда, пры гэтым асабліва рэфармаваць сваю сыстэму вышэйшай адукацыі паводле эўрапейскіх прынцыпаў ніхто не зьбіраецца: для тых жа кітайскіх студэнтаў, ад якіх плянуецца атрымаць дадатковыя плыні дэфіцытнай валюты, і так сыдзе. А ў беларускіх студэнтаў, быццам, адна мара: паступіць хоць куды, пажадана як мага па болей льготным сцэнары.

Праўда, і ільготны сцэнар хутка адменяць: льготы, быццам, плянуюць «перанесьці» на час студэнцтва, а абітурыентаў набіраць па агульным правілам. Яшчэ адна перамена чакае бясплатнікаў — іх будуць разьмяркоўваць ужо з чацьвёртага курсу. Выглядае, беларускім адукацыйным чыноўнікам не хапае гаек, «закручаных» у яшчэ нават не ўступіўшым у сілу Кодэксе аб адукацыі, які пазбаўляе студэнтаў апошніх надзей пазьбегнуць прымусовага разьмеркаваньня.

Дыягназ беларускай адукацыі 

У гэткай сытуацыі практыкуючых беларускіх прафэсіяналаў у вышэйшай адукацыі цяпер можна знайсьці толькі за мяжой. Найбуйнейшая «выспа свабоды» — гэта Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, праект, які распачаўся ў Беларусі яшчэ ў 90-х, і працягвае стварацца тымі ж самымі людзьмі, але ўжо ў Вільні. Меркаваньне аднаго са стваральнікаў гэтага праекту, дэкана бакаляўрскай школы ЭГУ Рыгора Мінянкова, прагучала за дзень да «справаздачнага» інтэрвію Сяргея Маскевіча на круглым стале, прысьвечаным адукацыйнай тэматыцы, што прайшоў у сьценах унівэрсытэту ў Вільні.

«Адукацыя заўжды адпавядае той сыстэме, дзе знаходзіцца, і таму грамадзтву, дзе дзейнічае. Савецкая сыстэма добра рыхтавала фізыкаў-матэтыматыкаў, якія ў 90-я гады ўсе разам выехалі ў Злучаныя Штаты».

«Я выхаванец савецкай сыстэмы, — кажа спадар Мінянкоў. — У Савецкім Саюзе была некаторая сукупнасьць адукацыйных установаў, якія мусілі дэманстраваць моц савецкай адукацыі. Я скончыў адну з такіх установаў: МДУ, дзе сапраўды атрымаў добрую адукацыю».

«Але савецкая адукацыя засталася ў савецкіх часах. Тое, што ёсьць у Беларусі, — вынік разлажэньня, вынік таго, што адукацыя не знайшла свайго шляху разьвіцьця».

«Мы ўваходзім у новае грамадзтва, дзе патрэбны новы тып мысьленьня. Раней вышэйшая адукацыя рыхтавала эліту. Цяпер вышэйшая адукацыя — гэта масавая адукацыя. Але ў Беларусі адукацыя вельмі масавая, у прынцыпе кожны можа пайсьці ў Беларускі ці Баранавіцкі дзяржаўны ўнівэрсытэт і атрымаць дыплём. Дзеля чаго — няясна».

«Прыняты новы Кодэкс аб адукацыі. У ім цалкам адсутнічаюць паняткі аўтаноміі і акадэмічных свабодаў. Тая сыстэма, якая існуе, — гэта сыстэма пазбаўленьня студэнтаў магчымасьцяў. Я рэцэнзаваў у мінулым годзе бакаляўрскую працу адной студэнткі. У ёй яна дасьледавала лёсы беларускіх студэнтаў, якія зьехалі зь Беларусі за мяжу на год па абмену. Высьветлілася, што паўгады яны ня ведалі што рабіць: ўвесь час імкнуліся зразумець адрозную адукацыйную сыстэму з крэдытамі і вольным наборам курсаў».

«Настолькі ўсё разыходзіцца, што ўжо няма агульнай мовы. Галоўная наша задача — навучыць студэнтаў не хадзіць прасіць працу, а ствараць сваё ўласнае месца. Навучыць прадаваць сябе ў сетцы. Ня думаю, што беларуская адукацыя ведае, што рабіць у новых умовах».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0787 seconds.