Новых фільмаў у менскіх кінатэатрах стала ў тры разы меней

З разгарам фінансавага крызысу бяз новых фільмаў рызыкуе застацца менская публіка: за апошнія два месяцы колькасьць прэм’ераў у кінатэатрах скарацілася болей чым у тры разы. Ананімныя крыніцы кажуць пра недахоп валюты ў пракатчыкаў, апошнія тое адмаўляюць, спасылаючыся на «несэзон» для прэм’ераў.

Зьявіліся чуткі, што дзяржаўнае прадпрыемства «Кінавідэапракт», якое зьяўляецца манапалістам на сталічным рынку кінапракату і аб’ядноўвае 15 сталічных кінатэатраў, ня ў стане аплочваць набыцьцё навінак з-за адсутнасьці валюты. Таму замест звыклых 18–20 прэм’ер на месяц, на травень 2011 году заяўлена ўсяго шэсьць. Прагнозы былі несуцяшальнымі: калі сытуацыя з валютай ня зьменіцца, то ўлетку менчукі могуць і зусім застацца без кінапрэм’ер.

Але прадстаўнікі пракатнай арганізацыі заявілі, што размовы пра недахоп валюты — толькі інтрыгі нядобразычліўцаў:

«Праблем з валютай у нас няма. Менскія гледачы няхай не хвалююцца. Тыя, хто чакаюць горшага, не дачакаюцца», — пракамэнтаваў Эўрапейскаму радыё дырэктар «Кінавідэапракату» Васіль Коктыш рэкордна нізкую колькасьць закупленых у гэтым месяцы прым’ер.

Коктыш абяцае болей новых фільмаў улетку, бо, па яго словах, гэта самы лепшы сэзон для прэм’ераў. Але чаму менавіта травень 2011 аказаўся такім безнадзейным для дыстрыб’ютараў фільмаў, Васіль Коктыш не патлумачыў.

Нават у траўні 2010 году, нягледзячы на «несэзон» для пракату, у менскіх кінатэатрах паказалі 11 новых фільмаў — амаль у два разы болей, чым сёлета.

У сакавіку гэтага году, калі валюта яшчэ ў банках была, менчукі пабачылі цэлых 20 прэм’ераў, а ў красавіку, калі валюта пачала зьнікаць — 15. У траўні заплянаваны паказ толькі 6 новых фільмаў. Дынаміка несуцяшальная: у наступным месяцы замест кінатэатраў магчыма прыйдзецца шукаць іншыя забаўкі. Напрыклад, стаяньне ў чарзе ля абменьніку.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0613 seconds.