У Вільні — унікальная этнаграфічная выстава пра беларусаў

28 красавіка ў Вільні адбудзецца адкрыцьцё выставы «Беларусь: фотаэтнаграфічная калекцыя Ісака Сербава 1911 — 1912 гадоў», на якой упершыню выставяць унікальныя здымкі беларусаў, зробленыя стагодзьдзе таму.

Якой была Беларусь 100 гадоў таму? Мала дзе тое цяпер можна пабачыць, але рупліўцы здолелі знайсьці ў літоўскіх архівах дзесяткі раней нябачных здымкаў Беларусі. Усе яны зробленыя знакамітым беларускім этнографам Ісакам Сербавым у 1911 — 1912 гадах падчас яго вандровак па нашай краіне. На выставе ўпершыню экспануецца 50 фотоздымкаў з калекцыі, якая захавалася ў бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту.

Геаграфія здымкаў ахоплівае значную тэрыторыю сучаснай Беларусі: амаль усе яе рэгіёны. На здымках аўтар здолеў захаваць усё тое, што ў пачатку ХХ ст. хутка мянялася і адыходзіла ў нябыт: адзеньне, побыт, жыльлё і звычаі беларусаў. Высокая якасьць і мастацкія вартасьці фотаздымкаў Сербава дазваляюць аднесьці іх да найбольш значных дасягненьняў этнаграфічнай фатаграфіі пачатку ХХ стагодзьдзя.

Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву Інстытута гістарычных дасьледаваньняў Беларусі ЭГУ з аддзелам рукапісаў Бібліятэкі Віленскага ўнівэрсытэту пры фінансавай падтрымцы праграмы LitPro.

Выстава працягнецца да 14 траўня. Адкрыцьцё 28 красавіка ў 18.00 у Віленскай фотагалерэі (вул. Stiklių, 4, уваход з вул. Didžioji, 19).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0682 seconds.