Фэст экспэрымэнтальных тэатраў адкрыўся зь інсталяцыі паводле Оруэла

У Менску адбываецца першы фэстываль экспэрымэнтальных тэатраў. Мы пабывалі на цырымоніі яго вар’яцкага адкрыцьця, цягам якой кожны ўдзельнік стаў часткай вялікага экспэрымэнту тэатралаў.

Першы фэст экспэрымэнтальных тэатраў распачаўся з афіцыйнай цырымоніі ў менскім тэатры беларускай драматургіі. Зрэшты, у яе арганізатараў атрымалася абысьціся бяз доўгіх прамоваў і іншага афіцыёзу, дзякуючы чаму ўсю сутнасьць экспэрымэнтальнага тэатру гледачы змаглі адчуць наўпрост на сабе, адразу ж паглыбіўшыся ў сярэдзіну вялізнага тэатральнага арганізму.

Дзею распачаў міні-пэрформанс на прыступках тэатру. Маладога «гастарбайтара», які абедаў, перацягаўшы з сотню кардонных скрыняў (якія ў непасрэдным сэнсе заблякавалі уваход у тэатар), спрабавалі прагнаць удзельнікі адкрыцьця. Калі гэта ў іх атрымалася, барыкады з каробак былі зьнішчаныя знутры тэатру, адкуль выйшлі два хіпсьцеры з транспарантам, што сьведчыў аб адкрыцьці фэсту.

Усярэдзіне гледачоў чакала інсталяцыя Вольгі Костэль «Opacity<0», якую аўтарка зрабіла паводле твораў Дж. Оруэла.

Там было ўсё: і варажбітка-аўтамат, якая прадказвала ўсім жадаючым толькі добрае, і баязьлівыя скрыні, якія раздавалі цукеркі, і скрыні-сюрпрызы, пацягнуўшы за нітачку ў якіх можна было набыць ці кавалачак шчасьця, ці вялікую піццу, ці на цябе вывальваўся стос цукерак. Можна было ўвайсьці ў кантакт з прышэльцамі, ці адчуць сябе зоркай і пакінуць паведамленьне вечнасьці. Усё гэтыя дзеяньні суправаджаліся грукатам шматлікіх бонга.

За гэтымі падзеямі падышла чарга непасрэдных удзельнікаў фэстывалю. Першым спэктаклем стала пастаноўка Карла Ванэка «Фантом Фрыдам» на сцэне тэатру беларускай драматургіі.

Таксама ў першы дзень фэстывалю гледачу былі прапанаваныя дзьве пастаноўкі: King of hearts is off again («Кароль сэрцаў зноў адсутнічае») з Польшчы, а таксама вялікі канцэрт тэатра «D.O.Z.S.K.I.», праграму якога склалі часткі іх самых вядомых пастановак.

Заўтра фэстываль зноў чакае сваіх гледачоў. Будуць прадстаўленыя спэктаклі беларускага плястычнага тэатру «EYE», расейская пастаноўка «Наташына мара», беларускія мульцікі, беларускі плястычны спэктакль «Кропка зборкі» і амэрыканская пастаноўка Monster/Girl.

Падрабязная праграма фэстывалю

Глядзіце болей здымкаў з вар'яцкага адкрыцьця першага менскага фэсту экспэрымэнтальных тэатраў

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.