Дзень «зэро»: «Той самы фэстываль» — зроблена зь любоўю

Пакуль тэатралы Менску накрухмальваюць каўнерыкі, каб, пачынаючы з заўтрашняга дня цалкам занырнуць у бясконцыя прасторы фэстывальных пастановак, журналісты ўжо адкрылі занавес тэатральных падмуркаў. Сёньня прайшла ўступная прэс-канфэрэнцыя «Таго самага фэстывалю». Разьбіраліся, што ж такое экспэрымэнт, адкуль узяць «цырк на дроце» і што лепей адчуць у тэатры, а не ў жыцьці.

«Тэатры ў нас пакуль у асноўным рэпэртуарныя, — тлумачыць адзін з арганізатараў фэсту Аляксей Стрэльнікаў. — Усе ведаем тэатар імя Янкі Купалы, імя Максіма Горкага… І гастролі нашых тэатраў, напрыклад у Маскве, праходзяць зь вялікай зацікаўленасьцю гледачоў. Ёсьць высокая планка, ніжэй за якую мы ўжо не апусьцімся. Аднак варта прызнаць, што ў вобласьці інавацыйных пастановак, экспэрымэнтаў, наш тэатар знаходзіцца далёка ад таго, што існуе ў сьвеце. На восем клясычных тэатраў, у якіх можна паглядзець Чэхава, Астроўскага, Шэксьпіра, трэба мець хаця б два, у якіх сустрэнеш „цырк на дроце“, нешта неверагоднае. Гэтага ў нас няма, на жаль. Менавіта з-за тых вось двух тэатраў астатнія восем працягваюць разьвівацца».

Экспэрымэнтальныя тэатры ёсьць і ў нас. У тым ліку каб паказаць іх, арганізатары і задумалі гэты фэстываль. Аднак што такое тэатар экспэрымэнтальны?

«У нас такое разуменьне тэатру: прыгожыя людзі ў прыгожым адзеньні, кажуць прыгожыя рэчы пра жыцьцё, а мы, у сваю чаргу, становімся лепей. Гэта цудоўна, але тэатар гэта перш за ўсё гульня. Нейкая гульня, шок. Вось тыя, хто зараз займаецца экспэрымэнтальнымі тэатрамі: Вольга Скварцова [D.O.Z.SK.I.], «Інжэст», «Не танцы» і г.д. Ня ўсе яны прафэсіяналы, але яны маюць цягу да гэтага. Бо сцэна — гэта вялікая радасьць. Менавіта таму, што са сцэны можна зрабіць нешта такое, дзякуючы чаму людзі ў холе становяцца бліжэй адзін да аднаго. А яшчэ экспэрымэнтальнымі тэатрамі ніколі не займаюцца для галачкі, імі займаюцца, таму што хочацца гэтым займацца. У гэтых тэатрах заўсёды ёсьць доля шчырасьці. Але гэта ня толькі непрафэсіянальныя тэатры».

«Той Самы Фэстываль» пакажа цікавейшыя пастаноўкі экспэрымэнтальных тэатраў зь дзевяці краінаў — гэта ля паўтары сотні гасьцей. Сёньня на сустрэчу з журналістамі далучыўся Пётр Бароўскі з Польшчы, рэжысёр фэсту.

«Экспэрымэнт — гэта калі ёсьць вялізная фабрыка, якая вырабляе мэдыкамэнты, і ёсьць каморка, у якой працуюць два прафэсары. Вось яны экспэрымэнтуюць, і, напэўна, зробяць лепшае лякарства, але яны рызыкуюць. Так жа рызыкуе і „экспэрымэнтальны“ тэатар, — тлумачыў Бароўскі. — Вялікае пытаньне, каго паставіць на сцэну. Патрэбны актор, які будзе разумны і ўмее слухаць. Мы спрабуем размаўляць на актуальныя тэмы ў актуальных тэатрах. Але да актора нетрадыцыйнага тэатру прад’яўляюцца павышаныя патрабаваньні».

Такім чынам, фактычнае адкрыцьцё першага фэсту экспэрымэнтальных тэатраў «той самы фэстываль» ужо адбылося. Заўтра пачнецца сама фэстывальная праграма, сярод пастановак якой можна будзе прагледзець спэктаклі разнастайных тэатраў Беларусі і замежжа.

А для тых, хто ня любіць тэатар, па сваіх уласных прычынах, магу прывесьці фразу арганізатара фэстывалю Аляксея Стрэльнікава:

«Тэатар — гэта не па-сапраўднаму. Калі вы адчуваеце страх, яшчэ нешта, прыходзьце. Лепш адчуць гэта ў тэатры, чым у жыцьці. З тэатра можна сысьці, а як вы сыдзеце з жыцьця?»

Таму прыходзьце, і глядзіце, бо экспэрымэнт — гэта рызыка без наступстваў для вас. Застануцца толькі ўласныя высновы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.