Праваслаўная царква зоймецца адукацыяй беларускіх школьнікаў

Беларуская праваслаўная царква падпісала чарговую праграму супрацоўніцтва зь Мінадукацыі. Паводле яе БПЦ будзе ня толькі навучаць школьнікаў асновам праваслаўнай культуры, але і праводзіць экспэртызу падручнікаў. Тым часам у беларускіх школах зьяўляецца ўсё болей «праваслаўных факультатываў». У некаторых клясах яны ўжо сталі абавязковымі.

У лютым патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у сваім праграмным дакладзе раскрытыкаваў Менск за стаўленьня беларускіх уладаў да супрацоўніцтва з РПЦ у сфэры адукацыі.

«Нягледзячы на тое, што ёсьць усе законныя падставы для правядзеньня выхаваўчай і факультатыўнай працы ў школе, сьвятары часта сутыкаюцца зь неразуменьнем з боку кіраўнікоў школ і дзіцячых садоў, а таксама з боку прадстаўнікоў органаў кіраваньня» , — сказаў тады патрыярх.


Занятак у праваслаўнай школе ў Маскве. Фота Генадзя Шынгарёва 

Гледзячы па ўсім, цяпер адносінамі зь беларускімі ўладамі ў адукацыйнай сфэры Кірыл будзе задаволены.

Так, у сярэдняй школе мікрараёна Сухарава-4 з 1 верасьня зьявіцца кляс з факультатыўным заняткам, прысьвечаным гісторыі і сучаснасьці праваслаўнай канфэсіі, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».

На ім малодшыя школьнікі пад кіраўніцтвам верніка з 20-гадовым стажам будуць спазнаваць «Асновы праваслаўнай культуры». У праграму курсу ўваходзіць, напрыклад, азнаямленьне з «выбітнымі асобамі гісторыі 18 ст.»: Пятром І, Кацярынай ІІ, генэралісімусам Суворавым, адміралам Шышковым — «барацьбітом за чыстату расейскай мовы».

У іншай менскай школе № 181 ужо год існуе «праваслаўны кляс». У ім першаклясьнікі два разы на тыдзень вывучаюць усё той жа адмысловы факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры».

Пэўна, гэта не апошняя такая кляса ў Беларусі. Тым больш на днях Міністэрства адукацыі і Беларуская праваслаўная царква падпісалі праграму супрацоўніцтва да 2014 году. Паводле яе царква ня толькі зоймецца рэалізацыяй «экспэрымэнтальных праектаў па арганізацыйна-мэтадычнаму забесьпячэньню духоўна-маральнага выхаваньня навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа», але і будзе праводзіць экспэртызу навучальных праграм, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па прадметах сацыяльна-гуманітарнага цыклу, паведамляе БелТА.

Галоўнае, па словах іерархаў БПЦ, «ня толькі аб’ём ведаў, але і на выхаваньне асобы ў беларускіх традыцыях». Разуменьне беларускай традыцыі на праваслаўны капыл, на жаль, не раскрываецца.

Пра факультатывы, якія будуць праводзіцца прадстаўнікамі іншых беларускіх канфэсій, не паведамляецца.

Актывізуецца ПБЦ і ва ўнівэрсытэтах. Міністэрства інфармацыі Беларусі і Інстытут журналістыкі БДУ ў 2011 г. правядуць курсы для журналістаў па пытаньнях асьвятленьня падзеі з жыцьця Беларускай праваслаўнай царквы, этнаканфэсійнай сытуацыі ў краіне. Аб гэтым нядаўна заявіла першай намесьніца міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. Прадстаўнік праваслаўнай царквы дадаў, што задаволены тым, як у беларускіх СМІ асьвятляюцца пытаньні, зьвязаныя з царквой.

Нагадаем, паводле закону Беларусі «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях», у нашай краіне за праваслаўнай царквой прызнаецца «вызначальная роля ў гістарычным станаўленьні і разьвіцьці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народу».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.