«Троіца» выпускае новы альбом у спадзеве на адлігу

Бадай самы вядомы беларускі фолькавы гурт «Троіца» нечакана для ўсіх запісаў новы дыск і заняўся разьвіцьцём культуры на дзяржаўным узроўні. І калі з апошнім пакуль ня вельмі атрымліваецца, запісам новых песень для пятага студыйнага дыску этна-трыо зьдзівілі.

«Праграма „Зімачка“ рыхтавалася некалькі гадоў, — кажа лідэр „Троіцы“ Іван Кірчук, што ўжо 12-ы год стварае самы выбітны беларускі фольк. — Мы прапісалі болей за 400 трэкаў — студыйныя магчымасьці дазволілі. Пасьля гэтыя трэкі былі зьведзеныя ў 9 песень».

Некаторыя трэкі новага альбому выконваліся раней на канцэртах гурта, а некаторыя ўвогуле ніколі не гучалі. Трапіў сюды і экспэрымэнтальны твор «Сонца коціцца», які нарадзіўся ў час запісу альбому, што ў таямніцы праходзіў гэтай зімой ў студыі пад Варшавай.

«Мы захопленыя сваёй музыкай, гукам, таму адбывалася шмат экспэрымэнтаў. У выніку атрымаўся даволі незвычайны для нас альбом. Мы не чакалі, што будзе менавіта такі гук, бо канцэпцыі папярэдняй не было. Усё атрымлівалася ў час працы».

Галоўная опцыя выданьня альбому „Зімачка“ — наяўнасьць на ім усіх тэкстаў песень трыо з дыску. У час паўсюднай сеціўнай даступнасьці трэкаў гэта можа быць нават істотней за самі музычныя запісы. Таксама на альбоме прысутнічае дадатковае тлумачэньне «зімовай» тэмы, да якой зьвярнуліся музыкі. Іван Кірчук паўстае сапраўдным эзатэрычным антыглябалістам у сваіх разважаньнях пра сучасны сьвет, што праз «глябалізацыю ледзяным панцырам скаваў і схаваў ад людзей Мудрасьць Продкаў».

«У альбоме ёсьць крыху філязофскі ўступ, што хутка будзе адліга. Ва ўсім, — тлумачыць Кірчук. — Зіма таксама мае свой характар. Мы доўга шукалі назву для праграмы і былі розныя словы. Але мы паслухалі, што адбылося, нам паказалася, што ў альбоме ёсьць усе фарбы зімы».

«Будзем адстрэльвацца»

Але нягледзячы на зіму, што падводле музыкаў яшчэ не адышла, мінулы год яны лічаць для сябе пасьпяховым:

«У мінулым годзе мы зрабілі восем канцэртаў у Беларусі замест аднаго-двух як раней. Гэта для нас вялікае дасягненьне». Яшчэ 7 канцэртаў музыкі далі за мяжой, у тым ліку на фэстывалях. Крыху раней сам Кірчук адзначыўся выхадам кнігі ўспамінаў-уражаньняў-разважаньняў «Аўтабаны і мэнэстрэлі».

Але запісаць альбом атрымалася толькі дзякуючы дапамозе спонсараў, затое на лепшым абсталяваньні ў польскай студыі. А вось Міністэрства культуры праігнаравала прапанову «Троіцы» аб супрацоўніцтве:

«Я насіў цэлы праект у Міністэрства культуры, дзе было напісана, што можа зрабіць „Троіца“ на той базе, што ў нас ёсьць: уласны этнаграфічны музэй, вялікая колькасьць інструмэнтаў і велізарны архіў музыкі з усяго сьвету. Але адказу так і не атрымалі. У выніку махнулі рукой», — кажа дацэнт катэдры этналёгіі і фальклярыстыцы пэдагагічнага ўнівэрсытэту Іван Кірчук.

У выніку цяпер «Троіца» працягвае жыць з дапамогі мэцэнатаў. Дапамагае гурту нават кампанія, што займаецца арганізацыяй гульняў у страйкбол — на базе памяшканьня, прапанаванае страйкбалістамі, будуць цяпер адбывацца рэпэтыцыі «Троіцы».

«Ну і калі дапамагае Страйкбол беларускай музыцы — таксама добра. Будзем адстрэльвацца», — сьмяецца Кірчук.

Прэзэнтацыя альбому «Троіцы» «Зімачка» пройдзе 27 красавіка на малой сцэне канцэртнай залі «Мінск».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0576 seconds.