Беларускае пакаленьне Y зрабіла Байнэт самым маладым у рэгіёне

Беларусь займае першае месца ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе па долі маладых людзей у Сеціве. Двум зь пяці беларускім юзэрам яшчэ ня споўнілася і 25 гадоў. А агульны рост інтэрнэт-аўдыторыі ў Беларусі склаў 18% — таксама адзін зь лепшых паказчыкаў у рэгіёне. Такія дадзеныя ўтрымлівае дасьледаваньне групы міжнародных сеціўных экспэртаў.


Беларускае Сеціва - самае маладое, эстонскае - найбольш сталае. Дадзеныя Gemius

Нідзе ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе маладая сеціўная аўдыторыя не расла так хутка, як у Беларусі. За апошні год колькасьць беларускіх карыстальнікаў Інтэрнэту ва ўзросьце ад 15 да 24 гадоў павялічылася да 39% (ва Ўкраіне — 37%, у Расеі — 32%). Гэта лічбы з дасьледаваньня «Do You CEE?», што падхтаванае кампаніяй Gemius, якая займаецца дасьледаваньнем Інтэрнэту ў гэтым рэгіёне.

Як адзначаюць аўтары справаздачы, беларускую сеціўную аўдыторыю вылучае яе надзвычайная маладосьць.

«Інтэрнэт карыстальнікі ў Беларусі вельмі маладыя. Калі 40% інтэрнэт-юзэраў — людзі ад 15 да 24 гадоў. Больш за тое, ля 64% онлайн-карыстальнікаў — людзі да 34 гадоў», — гаворыцца ў справаздачы.

«Здагадваюся, што гэта сацыяльныя сеткі, — патлумачыў для Эўрапейскага радыё для Беларусі нечаканыя вынікі справаздачы кіраўнік праекта Gemius Belarus Міхаіл Дарашэвіч. — Другая асаблівасьць, што на інфармацыйных сайтах шмат моладзі, але яны праводзяць вельмі мала часу на іх, вельмі мала робяць праглядаў. Інфармацыйныя сайты ў нас зусім не моладзевыя».

Вось і атрымліваецца, што звычайны інтэрнэт-карыстальнік зь Беларусі — менскі студэнт, што часьцей за ўсё залазіць на Google і Vkontakte.


Пранікненьне Сеціва ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Беларусь на перадапошнім месцы. Дадзеныя Gemius

Па зьвестках экспэртаў, у Беларусі інтэрнэтам карыстаецца кожны трэці. Так, сёлета ў лютым было 3 мільёны 601 тысячаў інтэрнэт-карыстальнікаў ва ўзросьце большым за 15 гадоў. Калі параўноўваць зь лютым 2010 года, то рост склаў 18%.

Па словах Дарашэвіча, беларускія пансіянэры таксама ўсё часьцей карыстаюцца Інтэрнэтам. У лютым 2011 такіх асобаў было 4%, а год таму — менш за 3%.

Што датычыцца лідэраў, то ў нашым рэгіёне ім зьяўляецца Эстонія, дзе пранікненьне Сеціва дасягнула пакуль завоблачных для Беларусі 71%. Іншыя краіны Балтыі таксама знаходзяцца ўверсе гэтага сьпісу: Латвія (65%) і Літва (57%), пасьля Славенія (62%) і Чэхія (58%).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1519 seconds.