«Ляпісы» знайшлі аўтара новага кліпа ў Сеціве (відэа)
Некалькі дзён таму ў Сеціве зьявіўся ролік на песьню гурта «Ляпіс Трубяцкой» «Я верю», зьняты без ведама калектыву ў Гімалаях. Відэа настолькі спадабалася музыкам, што яны вырашылі знайсьці аўтара і надаць яго працы статус афіцыйнага кліпа.
Аўтар адгукнуўся толькі пасьля таго, як гурт зьвярнуўся да загадкавага кліпмэйкера праз СМІ і сацсеткі. Ім апынуўся вядомы кіеўскі рэжысёр Аляксандр Сьцекаленка, які здымаў кліпы «Акіяну Эльзы», праекту Gorchitza, Алене Віньніцкай, Ірыне Білык ды шматлікім іншым украінскім зоркам.
«Мы зь сябрамі падарожнічалі па Непалу, калі пачулі ў Інтэрнэце песьню «Я верю», — распавядае Сьцекаленка. — А паколькі мы там пастаянна штосьці здымалі, то ў нас адразу ўзьнікла ідэя падкласьці нэпальскі відэашэраг пад трэк «Ляпісаў», які нам вельмі спадабаўся. Кажучы „мы“, я маю на ўвазе крэатыўную групу „Бюро“, удзельнікі якой і дапамаглі рэалізаваць гэтую маю ідэю. Апэратарам кліпа стала Лена Чэхаўская, а галоўным героем — яе 5-гадовы сын Арсеній. Прычым Сеня катэгарычна адмаўляўся здымацца, а пагадзіўся толькі калі паслухаў песьню — яму яна таксама спадабалася».
За пару тыдняў імправізаваная здымачная група пад кіраўніцтвам Сьцекаленка перасекла ўвесь Нэпал з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, пабываўшы ў мностве будысцкіх, індуісцкіх і сікхскіх храмаў. Яшчэ 10 дзён сышло на мантаж, пасьля чаго ролік быў выкладзены ў Сеціва.
«Паколькі гэты кліп быў чыстай імправізацыяй, мы вырашылі, што ён і далей павінен жыць сваім жыцьцём, і залілі яго на YouTube без якіх бы то ні было тлумачэньняў і ўзгадненьняў», — тлумачыць Аляксандр Сьцекаленка.
Тым ня менш, «Ляпіс Трубяцкой» вырашыў аўтарызаваць гэтае відэа, так што
зараз на песьню «Я верю» існуе ужо 2 афіцыйных роліка — аўтарства
Аляксея Церахава і аўтарства Аляксандра Сьцекаленкі.
Новы альбом «Вясёлыя карцінкі» можна спампаваць на сайце www.lyapis.com.