Неўязнымі сталі яшчэ 4 рэктары


Эўразьвяз пашырыў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на яго тэрыторыю. Цяпер агульны сьпіс складае 175 чалавек. Сярод іх — 6 кіраўнікоў беларускіх навучальных установаў, у тым ліку рэктары БДУ, БДУІРу, БДПУ і БрДУ.

«Неўязныя» кіраўнікі беларускіх навучальных установаў

  • Генадзь Падгайскі — дырэктар Мінскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа;
  • Пётр Кухарчык — рэктар Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту;
  • Міхаіл Батура — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі;
  • Мечыслаў Часноўскі — рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Пушкіна;
  • Тамара Алпеева — рэктар Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытуту;
  • Сяргей Абламейка — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Рада міністраў замежных справаў краін ЭЗ прыняла рашэньне пашырыць сьпіс ахопленых санкцыямі грамадзян Беларусі падчас паседжаньня ў Брусэлі 21 сакавіка — «у сувязі з пагаршэньнем у Беларусі сытуацыі з правамі чалавека».

У першую вэрсію сьпісу неўязных, які быў апублікаваны праз 45 дзён пасьля сканчэньня прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі, сярод іншых дзяржаўных чыноўнікаў, сілавікоў, судзьдзяў і прапагандыстаў пад нумарам 84 было ўнесенае прозьвішча рэктару БДУ Сяргея Абламейкі. Цяпер ў рэктара БДУ зьявілася годная кампанія.

Выглядае, што ўжываньне санкцый супраць кіраўнікоў ВНУ дамагліся самі студэнты, адлічаныя зь іх, як яны лічаць, па палітычных матывах. Такім шляхам, прынамсі, пайшоў Уладзімір Кумец, былы пяцікурсьнік Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута. Месяц таму ён зьвярнуўся да кіраўніцы эўрапейскай дыпляматыі Кэтрын Эштан з просьбай далучыць да сьпісу неўязных у Эўразьвяз некаторых кіраўнікоў свайго інстытуту. І прозьвішча рэктара Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытуту сапраўды зьявілася ў чорным сьпісе ЭЗ.

Дырэктар палітэхнічнага каледжу Генадзь Падгайскі вядомы тым, што першым адважыўся адлічаць студэнтаў пасьля Плошчы. Ахвярамі яго сталі мінімум тры ўжо былых навучэнцы каледжу.

Іншы сябра сьпісу — рэктар БДУІРу Міхаіл Батура — праславіўся тым, што ў час выбарчай кампаніі адкрыта вымушаў студэнтаў ісьці на датэрміновае галасаваньне, а пасьля выбараў яго ўнівэрсытэт стаў «чэмпіёнам» па колькасьці адлічаных «за палітыку» студэнтаў. 

«Шкада», — так Батура пракамэнтаваў БелаПАН сваё ўключэньне ў сьпіс ЭЗ. І яшчэ раз запэўніў, што нікога з-за палітыкі не адлічаў. А тыя, хто выляцеў, вінаватыя самі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.