Neuro Dubel: «У наш дом зноў прыйшла бяда»

Арганізатар канцэртаў Павал Кашырын і лідэр Neuro Dubel Аляксандар Кульлінковіч выступілі з сумеснай заявай у сувязі з забаронай на беларускую рок-музыку і патлумачылі, чаму гурт вырашыў не праводзіць падпольную ці паўпадпольную імпрэзу.«Хацелася ў адкрытую зрабіць музычнае сьвята. Калі дакладна стала вядома, што такой магчымасьці няма, мы палічылі патрэбным не праводзіць імпрэзу ў іншым фармаце».


Neuro Dubel з прыхільнікамі на сольным канцэрце гурта ў клюбе «Рэактар» у лістападзе 2010

У наш дом зноў прыйшла бяда. Тыдзень таму была накладзена забарона на правядзеньне канцэрту Neuro Dubel, што мусіў адбыцца 24 сакавіка. Усе прычыны яго адмены, якія вам будуць называць, як то дрэнны продаж квіткоў ці праблемы з дахам, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Мы канстатуем, што ізноў вярнуліся ў тыя часы, калі існавала забарона на творчасьць рок-гуртоў у Беларусі. Мы ня ведаем аніводнай цывілізаванай краіны, дзе магло бы адбыцца нешта падобнае.

Мы мелі дамовы з двума іншымі клюбамі на правядзенне канцэрту, але вырашылі ўсё ж не рабіць аніякіх падпольных ці паўпадпольных імпрэзаў. Хацелася ў адкрытую зрабіць музычнае сьвята і прэзэнтаваць трыб’ют Neuro Dubel. Калі дакладна стала вядома, што такой магчымасьці няма, мы палічылі патрэбным не праводзіць імпрэзу ў іншым фармаце. Людзі з уладных структураў, з якімі мы вялі перамовы цягам гэтага тыдня, прасілі нас перачакаць. Колькі чакаць — тыдзень, год, два ці ўсё жыццё — невядома. Меркаванне гэтых людзей такое ж — так не павінна быць, але не яны прымалі рашэнне аб забароне і не ім яго адмяняць. Нам крыўдна не толькі за сябе, але і за сяброў і калегаў, якія сутыкнуліся з такой жа сітуацыяй.

Яны паклалі ўсё жыццё на тое, каб беларуская культура квітнела, а ім не даюць шанца на далейшае існаванне і магчымасьці канцэртаваць у сваёй жа краіне, фактычна накладаюць забарону на прафэсію. Мы не разумеем чаму так адбываецца і аніякіх тлумачэньняў нам ніхто не дае.

Мы апынуліся ў такім становішчы, што нават паскардзіцца на такія ганебныя дзеяньні няма каму. Хацелі бы, каб ва ўсім свеце дазналіся пра тое, што ў Беларусі не даюць магчымасці для выяўлення найлепшым творчым сілам.

Просім усіх прыхільнікаў гурта Neuro Dubel, якія набылі квіткі на канцэрт 24 сакавіка, пачакаць — яны будуць дзейснымі, калі забароны будуць знятыя.

Спадзяемся, што мерапрыемства хутка адбудзецца. Тыя, хто ўсё ж пажадае здаць квіткі, могуць гэта зрабіць ад 18.00 да 20.00 24 сакавіка ў клубе «Рэактар». Мы просім прабачэньня перад прыхільнікамі беларускай рок-музыкі за тое, што не здолелі парадаваць канцэртам і дзякуем за выказаную падтрымку на свой адрас. Будзем верыць у лепшае і трымацца разам!

Выконваючы абавязкі адміністратара Neuro Dubel, арганізатар і прадусар беларускіх рок-канцэртаў Павал Кашырын; лідэр гурта Neuro Dubel Аляксандар Кульлінковіч

Заява апублікаваная на «Тузіне Гітоў»

21:17, 19/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0755 seconds.