У Расеі эпідэмія мініраваньня ВНУ

У расейскіх студэнтаў новая забаўка: тусавацца, пакуль кінолягі дасьледуюць будынкі іх «замініраваных» ўнівэрсытэтаў. За апошні тыдзень электронныя паведамленьні аб няісных бомбах атрымалі некалькі дзесяткаў расейскіх ВНУ. Апошняй ахвярай электронных тэрарыстаў стаў знакаміты галоўны будынак МДУ.

У сераду ліст зь інфармацыяй аб пагрозе выбуху прыйшоў на электронны адрас рэктарата МДУ імя Ламаносава. Было вырашана эвакуіраваць усе галоўныя будынкі ўнівэрсытэту, дзе знаходзяцца навучальныя карпусы некалькіх факультэтаў і інтэрнат на 3.5 тысячы студэнтаў.

У Саратаве эвакуацыя прайшла ў кансэрваторыі і мэдыцынскім унівэрсытэце, паведамляе расейская служба Радыё Свабода. Інфармацыя аб мініраваньні ВНУ таксама паступіла па электроннай пошце.

За сёньня невядомыя адправілі паведамленьні аб закладзеных бомбах на адрэсы вышэйшых навучальных устаноў Томска, Пскову, Чэбаксараў, Пензы, Ніжняга Ноўгараду, Бранску і яшчэ некалькіх расейскіх гарадоў.

Інтэрнэт-атака на ВНУ пачалася яшчэ 9 сакавіка. Тады лісты аб мініраваньні паступілі на адрасы больш чым трох дзесяткаў ВНУ. Ні адзін зь іх не пацьвердзіўся. У Іжэўску, напрыклад, невядомыя здолелі замініраваць усе галоўныя ВНУ гораду. Некаторыя нават па тры разы. На тое, каб дасьледаваць будынкі, у спэцслужбаў сыходзіць як мінімум 2 гадзіны. У гэты час, студэнты, вядома, ня вучацца.

За апошні тыдзень эвакуіраваць студэнтаў прыйшлося болей чым у 20 гарадах па ўсёй Расеі. Як пішуць vesti.ru, сьледзтва па фактах паведамленьня распачало ўпраўленьне МУС, якое займаецца злачынствамі ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў. Па яго інфармацыі, электронныя лісты прыходзяць з-за мяжы, таму расейцам дапамагае інтэрпол.

Электронным тэрарыстам пагражае штраф да $7 000 альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў. Але пакуль ня быў знойдзены ніводны аўтар паведамленьня аб бомбах ва ўнівэрсытэтах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.