Лявон Вольскі і Ганна Хітрык працуюць над супольным кліпам

Вестка, што адна зь вядучых акторак Купалаўскага тэатру Ганна Хітрык нарадзіла першынца Сьцяпана, абляцела інтэрнэт. Але мала хто ведае, што літаральна за пару дзён да родаў Ганна працавала ў студыі зь Лявонам Вольскім.


Ганна Хітрык і Лявон Вольскі выконваюць песьню „Вера, надзея, любоў“ на канцэрце ў к.з "Мінск" у сьнежні 2010

«Калі Лявон прапанаваў разам запісаць песьню „Вера, надзея, любоў“, а потым зьняць на яе кліп, я адразу пагадзілася, — кажа Ганна Хітрык. — Песьня вельмі сьветлая, вельмі шчырыя. Да таго ж, яна сьпяваецца на дзьве ролі — мужчынскую і жаночую. Там хапае драматургіі, пэрсанажы спрачаюцца і змагаюцца, як Сьветлае і Цёмнае… Мне было гэта цікава і як акторцы, і як сьпявачцы!..»

Лявон Вольскі прызнаецца, што яму было крыху трывожна запісваць дуэт з жанчынай на апошнім месяцы цяжарнасьці.

«У Ганны ў песьні такія, ведаеце, расьпеўныя словы, спакойныя, замілаваныя. А ў мяне, наадварот, жорсткія. Я там мушу літаральна крычаць у некаторых момантах. І гэта — на вуха цяжарнай жанчыне! Я напачатку крычаў так асьцярожненька… А потым папрасіў Ганну проста выйсьці на гэты час. Іначай ня змог бы запісаць песьню!»

Алё ўсё атрымалася файна, і Ганна Хітрык нарадзіла… праз тры дні пасьля сканчэньня здымак! Цяпер ідзе апошняя дапрацоўка, празь некалькі дзён чакаецца вялікая інтэрнэт-прэзэнтацыя кліпа.

11:20, 15/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0626 seconds.