Беларускім музыкам і мастакам адкрыюць Эўропу

У Менску абвешчана аб старце вялікай культурніцкай ініцыятывы Эўракамісіі і шасьці эўрапейскіх арганізацый, празь якую 35 беларускіх мастакоў, музыкаў і фатографаў на працягу двух гадоў атрымаюць магчымасьць прадстаўляць сучасную культуру ў сябе на радзіме і ў ЭЗ. Праект пад назовам «Адкрывай Беларусь — Адкрывай Эўропу» зоймецца ня толькі «падтрымкай вольнага перамяшчэньня артыстаў і іх твораў» празь межы, але і аблягчэньнем візавага пытаньня для астатніх беларусаў. Па-за палітычным кантэкстам.

«Мы спрабуем паказаць, што ў Беларусі і ў эўрапейскіх краін вельмі шмат агульнага, — кажа Аляксандр Апейкін, каардынатар кампаніі „Адкрывай Беларусь — Адкрывай Эўропу“ у Беларусі. — І гэта агульнае, нашу культурную спадчыну, падзяляюць штучныя бар’еры ў выглядзе візаў, штампаў і дазволаў на выезд. Мы падкрэсьліваем, што можам абысьціся і бяз гэтага, а нашы арт-колы могуць супрацоўніць шчыльней».

«Беларускае сучаснае мастацтва ні ў чым не саступае эўрапейскаму мастацтву», — прасоўваць гэты мэсыдж арганізатары кампаніі, беларускімі партнэрамі якой сталі агенцыя «Бо Промо» і «Лібэральны клюб», паспрабуюць цераз «шчыльны маратон візытаў беларускіх культурных дзеячаў у Эўропу». Ужо зь вясны гэтага году пераможцы конкурснага адбору адправяцца ў вандроўкі па гарадах ЭЗ: Талін, Стакгольм, Дрэздэн — з воркшопамі, выставамі і канцэртамі.

У 2012 годзе кампанія засяродзіцца на культурных кампаніях у Беларусі. З 70 мастакоў, фатографаў і музыкаў, якіх запросяць да ўдзелу ў «Адкрывай Беларусь — Адкрывай Эўропу», палову выбяруць з грамадзянаў ЭЗ. Яны далучацца да беларусаў, каб наведаць маленькія беларускія гарадкі. Апагей кампаніі прыйдзецца на кастрычнік 2012 году, калі ў Менску зьбяруцца болей за 150 культурных дзеячаў зь Беларусі і ЭЗ каб абмеркаваць, а пасьля даць сумесны канцэрт.

Бяз «чорных сьпісаў»

«Нават тыя музыкі, якія ўсім надакучылі, якіх усе лічаць афіцыйнымі, таксама могуць падаваць заяўку на ўдзел», — кажа Аляксандр Апейкін. Прэзэнтацыя кампаніі адбываецца на наступны дзень пасьля зьяўленьня інфармацыі аб чарговым «чорным сьпісе» беларускіх і замежных культурных дзеячаў, пра якіх быццам забаранілі прыгадваць у дзяржаўных СМІ. Але каардынатары кампаніі, сярод якіх ёсьць заснавальнікі менскай моладзевай дыскусійнай пляцоўкі «Лібэральны клюб», спрабуюць дыстанцыявацца ад палітычнага кантэксту.

«Можа быць хтосьці і шукае палітычны кантэкст у музычных фэстах. Але мэта ўдзелу прадстаўнікоў беларускай культуры — апалітычная», — тлумачыць Аляксандр Апейкін фармат удзелу кампаніі ў буйнейшых музычных фэстах зь беларускай прысутнасьцю: «Басовішчы», Be2gether і BeFree. Да ўсіх трох «Адкрывай Беларусь — Адкрывай Эўропу» плянуе далучыцца.

А вось паездкі па Беларусі пакуль няўзгодненыя з уладамі. Хаця арганізатары спадзяюцца на лепшае:

«Як паказваюць папярэднія кулюарныя перамовы, праект вельмі добра ацэньваецца мясцовымі ўладамі», — кажа Аляксандр Апейкін. Але пакуль Міністэрства культуры трымаецца адасоблена ад кампаніі: ніхто зь Мінкульту прэзэнтацыю праекту не наведаў. У адрозьненьні ад прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі, якая моцна падтрымлівае кампанію.

Як стаць удзельнікам?

Праект «Адкрывай Беларусь — Адкрывай Эўропу» аб’яднае творчых людзей зь Беларусі, Нямеччыны, Літвы, Партугаліі, Швэцыі і Эстоніі. Музыкі, мастакі і фатографы аб’яднаюцца ў групы і будуць прадстаўляць сучасную культуры сваёй краіны ў Эўропе.

Каб стаць удзельнікам праекту, трэба даслаць арганізатарам CV, складзенае ў вольная форме, аўтабіяграфію і найлепшыя ўзоры сваёй творчасьці. Арганізатары прапануюць таксама адказаць на пытаньне, чаму менавіта Вы лепш за ўсё падыходзіце для гэтага праекту.

Галоўныя крытэры адбору: жаданьне і здольнасьць артыстаў спрыяць міжкультурнаму дыялёгу. Беларускія артысты мусяць паказваць у першую чаргу беларускую культуру.

Дэдлайн для заявак: 20 сакавіка 2011 году. Заяўкі трэба дасылаць на электронную пошту konkurs@showbelarus.eu. Падрабязьней на сайце кампаніі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.