Студэнты не дачакаліся льготаў на праезд

Беларускі ўрад толькі школьнікам дазволіў езьдзіць у транспарце бясплатна. Астатнім навучэнцам, у тым ліку студэнтам ВНУ, замест ільготнага праезду паабяцалі «матэрыяльную дапамогу». Зрэшты, яе памер і правілы атрыманьня будуць усталёўвацца внуўшнымі чыноўнікамі.

Студэнты не дачакаліся льготаў на праезд

Эпапэя зь вяртаньнем навучэнцам права на бясплатны праезд, здаецца, падыходзіць да завяршэньня. І вынікі яе будуць не на карысьць студэнтаў: ім права на льготны праезд ніхто вяртаць не зьбіраецца.

«Абрэзалі» спадзяваньні і школьнікаў: яны атрымаюць магчымасьць езьдзіць бясплатна толькі з хаты ў школу і назад. Такія, даволі нечаканыя меры ўтрымлівае пастанова ўраду ад 16 лютага.

Але ж у Менску ўлады паспрабавалі выйсьці зь цяжкога становішча неабходнасьці высьвятляць дакладны маршрут перасоўваньня школьнікаў па горадзе і абвясьцілі аб плянах пашырыць дазвол на льготны праезд на ўвесь горад. Адпаведная пастанова Рады гораду, паводле інфармацыі БелТА, будзе прынятая 16 сакавіка.

«У Менску ў асноўным навучэнцы жывуць побач са школамі. І нам вельмі важна, каб дзеці ў пазаўрочны час займаліся ў гуртках, сэкцыях, якія аддаленыя ад хаты. Таму Менгарвыканкам прыняў рашэньне аб бясплатным праезьдзе школьнікаў па ўсім горадзе, а гарсавет на сваёй сэсіі, думаю, яго падтрымае», — апісаў менскае выйсьце са складанага становішча сьпікер гарадзкога Савету дэпутатаў Міхаіл Савановіч.

А вось студэнты-дзёньнікі, паводле ўсё той жа пастановы ўраду ад 16 лютага, змогуць разьлічваць толькі на кампэнсацыю затратаў на праезд з грошай, вылучаных на іх стыпэндыі, а таксама зь іншых пазабюджэтных фондаў. Рашэньне аб пераліку грошай будзе прымаць адмысловая камісія ў кожным унівэрсытэце. Яна ж будзе і ўсталёўваць адпаведныя правілы атрыманьня дапамогі.

Кампэнсацыя будзе тычыцца толькі праезду ў аўтобусах, трамваях, тралейбусах і мэтро.

Нагадаем, пасьля заявы кіраўніка дзяржавы ў многіх гарадах Беларусі студэнтам было вернутае права на бясплатны праезд. Але неўзабаве яго зноўку пачалі адбіраць. Выглядае, гэтым разам на доўгі час.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0611 seconds.