Пасьля размовы ў дэканаце пра грамадзкую дзейнасьць з БНТУ адлічаны студэнцкі актывіст

Сябра прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада» Алеся Крата адлічылі з БНТУ тыдзень таму з фармулёўкай за акадэмічную непасьпяховасьць. Па прычыне хваробы студэнт-завочнік адсутнічаў на адным заліку, аднак пра ўсталяваныя індывідуальныя тэрміны пераздачы яму паведамілі ўжо пасьля адлічэньня. У сьпісе на адлічэньне пасьля зімовай сэсіі Алесь пабачыў 50 чалавек.

Алесь Крот
Алесь Крот

Пра адлічэньне студэнт даведаўся 17 лютага, калі прыйшоў ва ўнівэрсытэт для здачы заліку. Аднак замест накіраваньня атрымаў загад аб выключэньні, падпісаны за дзень да гэтага.

Алесь тлумачыць, што 15 лютага зь ім была праведзеная гутарка дэканам і намесьнікам па завочным навучаньні. Падчас размовы Алесю задавалі пытаньні пра яго грамадзкую дзейнасьць.

«Адказ вучуся-працую яго не задаволіў. Тады ён пачаў распытваць пра грамадзкую дзейнасьць, пра Студраду. А пасьля і зусім намагаўся накіраваць тэму ў палітычнае рэчышча, — кажа Алесь. — На маё пытаньне „так у чым жа праблема“, адказ быў: „Вось у Вашай грамадзкай дзейнасьці і праблема, нам параілі з вамі пагутарыць на гэту тэму“. На лягічнае пытаньне „хто параіў пагутарыць“, дэкан адказаў „якая розьніца вам хто… напэўна тыя, з кім вы займаецеся грамадзкай дзейнасьцю“».

Студэнтам, якія па пэўных прычынах не змаглі здаць залік або іспыт падчас сэсіі, павінны быць усталяваны індывідуальныя графікі ліквідацыі акадэмічнай запазычанасьці.

«Такі графік быў усталяваны мне ўказаньнем дэкана ад 8 лютага. Паводле яго, я павінен быў ліквідаваць запазычанасьць да 11 лютага. Фактычна ў мяне было на гэта толькі тры дня. Аднак азнаёмлены з гэтым графікам я быў толькі 18 лютага (што адзначыў у дакумэнце), г.зн. ужо пасьля падпісаньня загада на адлічэньне. Дарэчы, у гэтым дакумэнце значацца яшчэ каля 50 студэнтаў», — кажа Алесь.

21 лютага Алесь і прадстаўнік прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці (прафгрупа «Студэнцкая Рада» — структурная адзінка дадзенага прафсаюза) прыйшлі да прарэктара БНТУ, які ў якасьці в.а. рэктара падпісаў загад на адлічэньне Алеся, каб даведацца пазыцыю адміністрацыі ўнівэрсытэта. А таксама накіравалі на імя рэктара і дэкана будаўнічага факультэта заяву з просьбай правесьці праверку па факце адлічэньня студэнта.

«У заяве я выказаў сваю нязгоду з маім выключэньнем, бо прычына няздачы заліку — хвароба, а індывідуальныя тэрміны ліквідацыі акадэмічнай запазычанасьці былі даведзены мне ўжо пасьля майго адлічэньня. Гэта дае падставы меркаваць, што акадэмічная запазычанасьць стала толькі прыдатнай, але не галоўнай прычынай майго адлічэньня».

Алесь дадае, што ў «агульным выпадку» ліквідаваць акадэмічную запазычанасьць завочнікам дазваляюць да канца сакавіка.

31 студзеня дома ў актывіста ў ягоную адсутнасьць быў праведзены вобшук. Са словаў сястры, якая была дома, супрацоўнікаў КДБ цікавіў ягоны студэнцкі білет. Прафгрупа «Студэнцкая рада» ладзіла збор інфармацыі пра адлічаных з палітычных матываў студэнтаў. Нагадаем таксама, што некалькі прадстаўнікоў прафгрупы пасьля вобшукаў зьехалі зь Беларусі.

Уні Вера 10:00, 28/02/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0586 seconds.