Адчуй сябе вучоным: Эўразьвяз запусьціў онлайн-гульню
Там ёсьць копіі рэальных лябараторый і цэнтраў, а рэгістрацыя ў Power of Research даступная любому жадаючаму. Не патрэбна і адмысловых ведаў, каб адчуць сябе сапраўдным навукоўцам ці дасьледчыкам і «пахімічыць». Так Эўразьвяз імкнецца прыцягнуць у навуку болей моладзі, кошт «онлайн-вярбоўкі» ў навуку склаў болей паўмільёну эўра.
Так выглядае онлайн-лябараторыя ў гульні. Зарэгістравацца можна на сайце Power of Research
Эўрапейская камісія праспансавала шматкарыстальніцкую стратэгічную браўзэрную гульню. На распрацоўку гульні пайшло 617 тысячаў эўра. Палітыкі спадзяюцца, што ў самы бліжэйшы час колькасьць карыстальнікаў гульні сягне за 100 тысяч.
«Да 2020 году Эўразьвязу спатрэбіцца яшчэ адзін мільён навукоўцаў і дасьледчыкаў, — адзначыла Камісар па навуковых дасьледаваньнях, інавацыях і навуцы Máire Geoghegan-Quinn. — Power of Research дапаможа нам прыцягнуць да навуковай працы моладзь, гульня пакажа ёй кар’ерныя і сацыяльныя пэрспэктывы».
Як паведамляецца, задуму Эўракамісіі падтрымалі вядучыя сусьветныя навукоўцы, сярод якіх пяць ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.
Зарэгістравацца ў гульні можна і беларусам — сярод сьпісу краінаў такая магчымасьць ёсьць, а «папрацаваць» можна ў інстытутах і лябараторыях у васьмі краінах Эўразьвязу.
Шукаць будучых навукоўцаў у Сеціве спрабуюць і ў Расеі, аднак у нашмат меншых маштабах. Каб прыцягнуць увагу патэнцыйных студэнтаў да ядзернага ўнівэрсытэту, у сеціва выкладзеныя ролікі, дзе выкладчык дэманструе вопыты па фізыцы і хіміі.