Тацяна Беланогая: «Хлопцы раўнуюць мяне да музыкі»
Бард-рокерка Тацяна Беланогая запісала альбом «Ніткі». Гэта чацьвертая кружэлка 26-гадовай сьпявачкі. Мы завіталі да Тацяны ў госьці ў ейны здымны пакойчык і паразмаўлялі пра Беланогую ў першым альбоме і сучасную, пра тое, што найбольш любіць рабіць пасьля канцэртаў, пра каханьне і літаратуру, трагізм і ворагаў.
«Людзі без любові абмежаваныя»
Наша гутарка адбываецца ў сьціплым пакойчыку, што здымае Таня ў Менску. Тут ейныя малюнкі — у рамках, бо пабывалі на выставе ў Воршы. Партрэцік бабулі на стале. А «Ніткі» — гэта ж праца, бацькам прысьвечаная!
— Я не зь Менску, мой родны горад Маладзечна, — кажа Тацяна. — Ня тое, каб
мне тут было няўтульна, але я тут у гасьцях. У Менску працую, а дахаты прыяжджаю — цалкам расслабляюся, тэлефонны званок зрабіць не магу.
— Таня, свой першы альбом, не студыйны, «Там, дзе мы», ты запісала ў 2004 годзе. Што зьмянілася ў сьпявачцы Беланогай?
— Я вельмі люблю пераслухоўваць «Там, дзе мы», бо там ёсьць моцная эмоцыя. Жарсьць, дзіцячая наіўнасьць, злосьць. Зараз гэтага ўжо няма. Не вярнуць тое падлеткавае, шалёнае: я хачу так і больш ніяк! Але не скажу, што мая лірычная гераіня зьмянілася. Не цярплю, калі кагосьці крыўдзяць — адразу сьпяваю пра тое, што бачу. Аднак ужо не з такім асуджэньнем. Прыйшло разуменьне, што людзі без любові абмежаваныя.
— Чый уплыў ты адчуваеш у альбоме?
— Блізкіх людзей. Разрыў нейкіх нітак даў штуршок для напісаньня новых
сьпеваў. А слухаць я зараз люблю Джоні Мітчэл, Мэлані.
— У цябе моцны і харызматычны голаc!
На камплімэнт Таня рэагуе сьмехам. Кажа, апасьля заняткаў з прафэсійнай выкладчыцай вакалу ёй сорамна за свой узровень…
— Я толькі цяпер пачынаю разумець што да чаго: як фарміруецца гук, як яго правільна вымаўляць.
— У тваёй лірычнай гераіні заўжды быў пэўны трагізм: «І белы голуб
б’ецца аб шкло», «Я тая, што будзе падаць»…
— Трагізм ня выдуманы, я праз усё гэта прайшла. Напэўна, трэба неяк больш пазытыўна думаць — і ўсё зьменіцца. Што рабіць мне з маёй галавой? У ёй столькі перажываньняў! За ўсіх, за ўсю плянэту, за лёсы маленькіх народаў. Можа быць, калі-небудзь я пачну, як Алесь Камоцкі, да ўсяго ставіцца з гумарам. Ён вельмі глыбокі чалавек, але ў паўсядзёнасьці прыкаліст.
«"Быў, ёсьць, буду" Караткевіча — гэта рэвалюцыя!»
Музыкай на жыцьцё хіба заробіш? Як «нармалёвы» чалавек, Таня Беланогая працуе ў турыстычнай фірме восем гадзін у дзень.
— Цяжка! Ідзе перабудова ад простага мэнэджэра да артыста, які мусіць працаваць на сцэне і выкласьціся на сто адсоткаў перад гледачамі. Але мінулы год быў актыўны па канцэртах. Два канцэрты ў месяц — гэта нармалёва. Выступы на сцэне — вялікая аддача. Два ці тры месяцы таму я адыграла канцэрт у Нясьвіжы. Пасьля канцэрта я проста праспала некалькі гадзін. Людзі бяруць тваю энэргію, сілкуюцца з гэтага. Хтосьці нешта ня тое падумаў — і гэта можа адбіцца на тваім стане. Ёсьць такія канцэрты, пасьля якіх трэба два дні ляжаць у ложку і адчуваць сябе каралём — я зрабіў справу! Вельмі люблю сон. І каб усё было ахайна, утульна — ад гэтага бяру супакаеньне. Трэба яшчэ і добрая кніжка для адпачынку.
— І якія кніжкі для цябе зараз добрыя?
— Мікола Купрэеў, напрыклад. Усім раю Дануту Янаўну Бічэль-Загнетаву
пачытаць — «Мост сьвятога Францішка». Кніга пра каханьне, прыгажосьць, і напісаная яна для дзяўчат. Але разам з тым там напісана праўда пра Савецкі Саюз з пункту гледжаньня сялян. І настолькі прыгожа прырода апісаная! Вельмі ўражаная ад Леаніда Галубовіча — крытыка і паэта. Па вялікім рахунку, мы жывем у Расіі. Ахматава, Цьвятаева — гэта ня нашыя героі. А чаму б ня выдаць Яўгенію Янішчыц у прыгожай вокладцы? «Быў. Ёсьць. Буду» Караткевіча — гэта рэвалюцыя!
У любы момант рэчы зьбіраць — і на канцэрт!
Каб і каханы, і музыка — ня проста для Тані!
— Для мяне, жанчыны, асабістае жыцьцё — вельмі важна. Але я заўважыла, што асабістае жыцьцё і музыка не стыкуюцца. Хлопцы адразу пачынаюць раўнаваць да музыкі. Калі мяне абудзяць ноччу і скажуць: «Таня, арганізуем канцэрт!» — я зьбяру рэчы і паеду. Музыка пакуль мяне перацягвае. Пакуль не знайшла чалавека, які б быў мацнейшы за мяне, ня тое што за музыку. Няхай мяне пачуе зараз Бог і мой лёс: сям’я, каханы чалавек — гэта абавязкова. Але трэба, мне здаецца, каб каханы разумеў і, наадварот, падымаў твой дух.
— Ты сталееш, а гітара часта асацыюецца з маладосьцю.
— Так, бывае, пераросткам пачуваюся. Нешта ня тое! Зьяўляецца іншае адчуваньне сябе і адчуваньне: «Навошта гэта ўсё? Хто я такая з гітарай? Я прыкалваюся ці сур’ёзна?» Але ў нас проста мэнталітэт такі. У Эўропе і ў шэсцьдзесят сябе маладымі адчуваюць.
Для творчасьці Тані Беланогай патрэбныя перашкоды.
— Вельмі рэдка нешта вартае нараджаецца, калі ўсё добра. Чым болей перашкодаў па жыцьці, тым лепшая творчасьць. Напрыклад, калі я жыла ў інтэрнаце, са мной жылі людзі, якія вельмі агрэсіўна ставіліся да беларускай мовы, маглі ў твар нешта гідкае кінуць. І атрымоўвалася песьня як плач. Калі ёсьць ворагі, яны падбухторваюць нешта ствараць.
Быць музыкам — гэта сур’ёзна.
— Часам музыкі — гэта настаўнікі па жыцьці, якія дапамагаюць выбіраць між дабром і злом, быць беларусам ці маскалём, разьвівацца ці «і так нармалёва».
Прэзэнтацыя альбому Тацяны Беланогай «Ніткі» пройдзе 27.02 у менскай кавярні «Добрыя мысьлі».
Друкавая вэрсія інтэрвію мае выйсьці ў газэце «Чырвоная змена».