Ва Ўкраіне адменяць адзнакі па фізкультуры


Photo: Reuters

Такую заяву зрабіў міністар адукацыі і навукі, моладзі і спорту Ўкраіны Дзьмітрый Табачнік. Чыноўнік прапанаваў адмяніць сыстэму адзнакаў па школьным прадмеце «фізычная культура».

«Сыстэма ацэньваньня фізкультуры будзе адмененая. Гэта робіцца для таго, каб улічыць актыўнасьць дыханьня вучня. Чаму раней былі трагедыі? Таму што хтосьці спрабуе з сэкундамерам параўноўваць, за колькі сэкундаў дзіця прабяжыць 30 мэтраў, 60 мэтраў», — цытуе Табачніка інфармацыйная агенцыя УНІАН.

Па новым дзяржаўным стандарце пачатковай школы Ўкраіны фізкультуры будзе адводзіцца больш гадзінаў, і ацэньваньне будзе ладзіцца з улікам прысутнасьці школьніка на паветры, у руху, у хадзьбе. Дзецям, якія займаюцца ў спартыўных школах ці сэкцыях у вольны час, гэта будзе залічвацца як занятак па фізкультуры. Калі пачне дзейнічаць новы стандарт, пакуль невядома.

Неабходнасьць рэформаў школьнай фізкультуры насьпела даўна. Неаднаразова зьяўляліся паведамленьні пра сьмерці школьнікаў на занятках ва Ўкраіне. Апошні такі выпадак здарыўся меней месяцу таму. У пачатку лютага ў адной са школаў Кіева пад час заняткаў па бегу памерла сяміклясьніца. Два гады таму з-за такіх выпадкаў былі зьніжаныя парогі нарматываў, а год таму праведзенае абсьледаваньне фізычнага стану здароўя школьнікаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0606 seconds.