Беларускіх культурных менеджараў навучаць быць супергероямі

8 снежня ў Мінску стартуе незвычайны адукацыйны і бясплатны праект «Школа супергерояў / Крэатыўны горад».

У праграме навучання такія прадметы як «Івэнт-менеджмент», «Крэатыўныя індустрыі», «Сацыякультурнае праектаванне», «Маркетынг у сферы культуры». Слухачы набудуць неабходныя навыкі і веды пра рэалізацыю культурных праектаў у гарадскім асяроддзі, навучацца працаваць з лакальнымі супольнасцямі, даведаюцца аб тым, як прцягнуць да сябе спонсараў.

Выкладчыкамі стануць лепшыя эксперты і прафесіяналы сваёй справы Беларусі.

Каб стаць супергероямі, для пачатку, трэба запоўніць заяўку на сайце праекта www.WeAreHeroes.by да 21 лістапада, затым прайсці конкурсны адбор і трапіць у лік 42 шчасліўчыкаў. Вынікі абвесцяць 4 снежня.

Навучанне будзе доўжыцца з 8 снежня па 28 лютага і будзе напоўненае семінарамі, лекцыямі і трэнінгамі, працай з лакальнымі супольнасцямі, а з 1 сакавіка па 30 красавіка 2015 года ўдзельнікі праекта будуць рэалізоўваць гарадскія сацыякультурныя праекты.

У лютым 2015 ў рамках праекта адбудуцца 4 адкрытых і бясплатных майстар-класа для ўсіх жадаючых ад замежных экспертаў. Сярод запрошаных экспертаў Арнольд Гіскін (Масква) – кінапрадзюсер, генеральны прадзюсер студыі імя Савы Куліша, Віцэ-прэзідэнт Гільдыі неігравога кіно і ТБ Расіі; арганізатары Фестывалю Суседзяў у г. Львоў і іншыя.

У перыяд з 1 па 15 лістапада па горадзе адбудуцца прэзентацыі праекта, дзе можна будзе больш падрабязна даведацца аб магчымасцях для яго ўдзельнікаў. Сачыць за праектам можна таксама праз сацыяльныя сеткі: https://www.facebook.com/groups/1643377892555658/, https://vk.com/weareheroesby

«Школа супергерояў – гэта магчымасць змяніць наш горад да лепшага, зрабіць яго крэатыўным і камфортным, яркім і ўтульным з дапамогай сацыякультурных праектаў», – пішуць арганізатары праекта.

7 выніковых гарадскіх праектаў будуць заснаваныя на даследаваннях патрэб і запатрабаванняў, якія правядуць супергероі сярод жыхароў раёнаў Мінска. У кожны з праектаў яны павінны будуць ўцягнуць прадстаўнікоў лакальных супольнасцяў, адміністрацыю раёна і бізнэс.  

Паводле прэс-рэлізу

08:50, 29/10/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0564 seconds.