Конкурс канцэптуальных мастацкіх ідэй для пакаленьня Y ад галерэі «Ў»

Конкурс-пошук маладых мастакоў, якія ня ўмеюць маляваць, але маюць «разумныя» ідэі, упершыню арганізаваны ў Беларусі. Галерэя «Ў» сабрала вядомых беларускіх дызайнэраў і інтэлектуалаў, каб ацаніць усіх, хто мае ідэі, што патрабуюць рэалізацыі ў тым ліку праз новыя мэдыя. Галоўны прыз — магчымасьць вучыцца ў працэсе і правесьці ўласную выставу ў галерэі.


Людзі, што ўзяліся за пошук канцэптуальных і маладых талентаў: Дзіна Цыбульская, Ганна Чыстасердава і Сяргей Шабохін

«Мы шукаем любых людзей, нават тых, хто не атрымаў мастацкую адукацыю. Вопыт не істотны», — падкрэсьлівае куратар конкурсу smart art, арт-актывіст Сяргей Шабохін. Галоўнае — ідэя. Ва ўдзельніка конкурсу можа ня быць нават навыкаў працы з новымі тэхналёгіямі.

Па словах арганізатараў конкурсу, smart art будзе супрацьстаяць «засільлю акадэмічнай формы мастацтва», што цяпер дамінуе ў Беларусі:

«Акцэнт робіцца перш за ўсё на форме. Гэта бачна па альбомах, якія выпускае Саюз мастакоў. Такая культурная палітыка нашай краіны», — кажа Сяргей Шабохін.

А вось акцэнт, які зьбіраюцца пазначыць прасунутыя мастацтвазнаўцы і інтэлектуалы з асяродку галерэі (у склад журы конкурсу ўвайшлі такія вядомыя фігуры, як Уладзімір Цэсьлер, Руслан Вашкевіч, Вольга Шпарага) — гэта «разумнае, канцэптуальнае мастацтва» на базе новых мэдыя: аўдыёарт, відаэарт, пэрформанс і іншыя падобныя схемы і падыходы.

Характэрна, што арганізатары не чакаюць нейкай мастацкай адукацыі ад удзельнікаў. «Мастак нават можа ня ўмець маляваць», — кажа куратар smart art. «Тое, што мастак не валодае пэўнымі мастацкімі навыкамі, для нашай краіны можа быць нават плюсам, бо ён не ангажаваны», — дадае ён.

Адзінае абмежаваньне на ўдзел у конкурсе smart art, які ў тым ліку падтрымлівае кампанія Velcom, — неабходнасьць мець беларускае грамадзянства і быць ва ўзросьце да 30 гадоў.

Як узяць удзел?

Ідэя — першае і адзінае, што трэба мець дзеля ўдзелу ў конкурсе.

Жадаючыя ўзяць удзел у конкурсе, мусяць даслаць заяўку з 17.02 па 17.03.2011 на адрас smartart@ygallery.by альбо прынесьці падпісаны CD/DVD-дыск з пазнакай «Конкурс» у галерэю сучаснага мастацтва «Ў». У электронным лісьце ці на дыску павінна ўтрымлівацца інфармацыя пра мастака: CV (месца і год нараджэньня, адукацыя, выставы, дасягненьні і іншае), выбранае партфоліа (фатаграфіі прац, тэксты, эскізы) і кантакты (кантактны тэлефон, адрас электроннай пошты, сайт).

Пасьля складаньня шорт-ліста куратар праекту прызначыць калектыўныя і індывідуальныя сустрэчы з канкурсантамі дзеля падрабязнага тлумачэньня ўмоў конкурсу. Удзельнікам прапануецца падрыхтаваць канцэпцыю і эскіз сваёй пэрсанальнай выставы адмыслова для залі галерэі сучаснага мастацтва «Ў» да 31 сакавіка 2011 года.

Для вывучэньня спэцыфікі канцэптуальнага мастацтва для ўдзельнікаў дадаткова будуць праводзіцца неабходныя лекцыі, відэапаказы, дыскусіі, а таксама сустрэчы з мастакамі, філёзафамі і прадстаўнікамі мастацкага асяродзьдзя.

З усіх пададзеных канцэпцый журы абярэ шэсьць найлепшых. 1 красавіка 2011 года будзе абвешчаны сьпіс шасьці ўдзельнікаў, якія прайшлі на наступны этап. Усе яны атрымаюць магчымасьці па чарзе рэалізаваць свае ідэі на пляцоўцы галерэі «Ў» у канцы 2011 году. Таксама цераз сацыяльную сетку Facebook усе жадаючыя могуць абраць найлепшую на іх густ ідэю, якая атрымлівае адмысловы прыз.

Падрабязьней пра конкурс.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0722 seconds.