Студэнты і выкладчыкі: нас прымушаюць падпісваць лісты з асуджэньнем санкцый

Беларускія ўлады вырашылі выкарыстаць студэнтаў для палітычнай барацьбы з Эўразьвязам. На ўмовах ананімнасьці студэнты і выкладчыкі Акадэміі кіраваньня кажуць аб тым, што іх прымушаюць «выказваць абурэньне» санкцыямі Эўразьвязу ў зваротах да вышэйшых чыноўнікаў ЭЗ. Першы такі ліст зьявіўся сёньня ў дзяржаўнай прэсе.

У звароце навучэнцаў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце гаворыцца, што студэнты выступаюць супраць санкцыяў Эўрапейскага зьвязу, падрыхтаваных з удзелам «так званай апазыцыі».

«„Апазыцыянэры“ надта часта кіраваліся не інтарэсамі беларускага народу, а сваімі уласнымі. Мы перакананыя, што гэтыя людзі задавальняюць свае амбіцыі коштам дыскрэдытацыі рэпутацыі сваёй роднай краіны. Акрамя гэтага, нам шчыра шкада, што імідж Рэспублікі Беларусь фармуецца аднабакова: са словаў асобаў, якіх у нашай краіне ня ведаюць, якім не давяраюць, якіх не паважаюць», — гаворыцца ў заяве, якую падпісалі кіраўнік студрады інтэрнату Акадэміі трэцякурсьнік Арцём Цімашэнка, кіраўніца студрады Інстытут кіраўнічых кадраў студэнтка 4 курсу Хрысьціна Шосьцік, а таксама прадстаўнік БРСМ Аляксей Брэль і кіраўнік студэнцкага прафсаюзу Алена Каваленка.

Паводле дадзеных Белсату, падпісацца пад заявай студэнтаў прымусілі. Як распавёў навучэнец 4-га курсу Акадэміі кіраваньня Андрэй В., ідэолягі з рэктарату правялі размову са студэнтамі ды заклікалі актыўна выказвацца супраць санкцыяў ЭЗ.

«Нам сказалі, што мы першыя выступаем з такою заяваю, што ўсе астатнія ўнівэрсытэты таксама да яе далучацца. Найперш падпісацца мусілі сябры прафсаюзу, БРСМ і тыя, што жывуць у інтэрнаце. Прычым адміністрацыя настойвала: хто не падпішацца, будзе мець праблемы ў летнюю сэсію. Большасьць студэнтаў ня сталі аспрэчваць загад і паставілі свой подпіс», — кажа студэнт.

Як распавялі Generation.bY студэнты Акадэміі кіраваньня, якія прасілі не называць сябе, «звычайным» навучэнцам пра заяву нічога не казалі. Па іх словах, падпісанты маглі пагадзіцца са зваротам і без прымусу.

Зрэшты, паводле інфармацыі блізкай да расейскіх уладаў агенцыі REGNUM, заява хутчэй за ўсё складзеная ў вышэйшых органах, а падпісацца пад ёй, магчыма, прымусяць таксама і выкладчыкаў. Неназваны выкладчык Акадэміі кіраваньня паведаміў, што адпаведныя размовы ўжо праводзіліся на катэдрах ВНУ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0579 seconds.