Google як ратавальнік рэвалюцыі
У разгар антыпрэзыдэнцкіх пратэстаў у Каіры кампанія Google запусьціла адмысловы сэрвіс для жыхароў Эгіпту, які дазволіць ім адпраўляць паведамленьні ў Twitter з дапамогай званка са свайго мабільнага тэлефону. За дзень да гэтага стала вядома пра адключэньне апошняга інтэрнэт-правайдэра ў краіне. Тым часам на дапамогу эгіпэцкім юзэрам сьпяшаюцца хакеры з усяго сьвету.
Эгіпет стаў першай у гісторыі краінай, якая цалкам пазбавілася Інтэрнэту ў выніку грамадзкіх хваляваньняў.
«Мы думалі, што ж можна зрабіць дзеля таго, каб дапамагчы людзям [Эгіпту]», — камэнтуе кампанія ў афіцыйным блогу. У выніку інтэрнэт-гігант набыў невялікую кампанію SayNow, далучыў інжынэраў з найбольш папулярнага сэрвісу мікраблогінгу Твітэр і запусьціў за некалькі дзён сэрвіс, які дазволіў кожнаму жадаючаму выказацца на тэму эгіпэцкіх пратэстаў з тым, каб яго паведамленьне трапіла ў Сеціва.
Для таго, каб скарыстацца прапановай Google, карыстальніку, пазбаўленаму выйсьця ў Інтэрнэт, трэба патэлефанаваць на міжнародны нумар і пакінуць галасавое паведамленьне. Сэрвіс ужо пасьпеў прыняць і апрацаваць болей за 1 200 паведамленьняў ад эгіпцян і грамадзянаў іншых краін. Усе іх можна праслухаць на адмысловай старонцы ў Твітэры.
Як «выключалі» Сеціва ў Эгіпце?
- на заклік апазыцыйнага моладзевага «Руху 6 Красавіка» выйсьці 25 студзеня на агульнанацыянальны Дзень гневу ў лічаныя гадзіны адгукнуліся 90 тысячаў карыстальнікаў сацыяльнай сетцы Facebook
- 25 студзеня ўлады ўвялі цэнзуру ў дачыненьні да трох галоўных эгіпэцкіх інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў «Аль-Баіль», «Аль-Дустур» і «Аль-Масры аль-Юм»
- 26 студзеня на цэнтральных вуліцах Суэцу прайшлі жорсткія сутыкненьні маніфэстантаў з паліцыяй. Суэц (ага, там дзе канал) застаўся бязь Сеціва
- 28 cтудзеня Інтэрнэт адрублены па ўсёй краіне.
Інтэрнэт у Эгіпце блякавалі паступова. Але юзэры даволі хутка пачалі вучыцца абыходзіць забароны і цэнзуру: ад імя інтэрнэт-групы пад назвай «Ананімы», якая ўпершыню заявіла пра сябе падчас падзей у Тунісе, цяпер ужо і эгіпэцкім карыстальнікам рассылаецца «Пакрокавая інструкцыя па разблякаваньні доступу ў Сеціва».
«Пачынаецца „Апэрацыя Эгіпэт“! Дні Мубарака зьлічаныя», — кажуць «Ананімы», якія заклікалі хакераў усяго сьвету атакаваць эгіпэцкія міністэрствы і біржы.