У ЭГУ зьявіліся надзвычайныя грошы
Міжнародныя арганізацыі і ўрад Даніі вылучыў дадатковыя грошы для Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Сродкі пойдуць на навучаньне студэнтаў, адлічаных зь беларускіх ВНУ па палітычных прычынах.
У Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце чакаюць дадатковых расходаў у сувязі з павелічэньнем колькасьці студэнтаў за кошт тых, хто быў адлічаны зь беларускіх ВНУ пасьля 19 сьнежня. Раней ЭГУ заяўляў пра тое, што гатовы ўзяць да сябе ўсіх, хто навучаўся ў Беларусі па блізкіх спэцыяльнасьцях.
Для мэтаў збору сродкаў на дапамогу такім студэнтам, у тым ліку на іх харчаваньне і жытло, быў створаны дадатковы Рэзэрвовы фонд. Першыя сродкі ў яго ўжо пералічыла Рада міністраў Паўночных краін, а таксама Данія (75 тысячаў эўра). Данія таксама дадала да іншага, Траставага фонду ЭГУ, яшчэ 300 тысячаў эўра. [адкуль грошы ў ЭГУ?]
Адлічаным студэнтам для таго, каб навучацца ў беларускім ўнівэрсытэце ў Вільні, патрэбныя толькі тры дакумэнты, у тым ліку «даведка пра арышт, зьняволеньне ці іншыя наяўныя дакумэнты, што сьведчаць пра рэпрэсіі».
Паводле дадзеных камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», пакуль толькі тры студэнты былі адлічаныя зь беларускіх унівэрсытэтаў
Рахункі ЭГУ могуць значна папоўніцца ў бліжэйшы час дзякуючы канфэрэнцыі донараў, што пройдзе ў Варшаве 2 лютага. Намесьнік міністра замежных спраў Літвы ўжо заявіў, што ЭГУ варта падтрымаць матэрыяльна, бо ўнівэрсытэт «прышчэплівае павагу да культуры і мовы сваёй краіны».