Блогер-дысыдэнт увайшоў у Туніскі ўрад

Былы палітычны зьняволены, былы апазыцыйны блогер і праграміст Слім Амому стаў сябрам рэвалюцыйнага ўраду Туніса. Вядомы прыхільнік швэдзкай Пірацкай партыі і змагар з цэнзурай, Амому будзе адказваць у пераходным урадзе за моладзевую і спартыўную палітыку.


Міністар-блогер Слім Амому

Вядомы блогер Слім Амому яшчэ за некалькі дзён да свайго прызначэньня трапіў у турму з-за сваёй актыўнасьці ў Сеціве. Здарылася гэта ў час масавых пратэстаў у Тунісе, якія скончыліся ўцёкамі бязьзьменнага прэзыдэнта Бен Алі. Некаторыя аглядальнікі зьвязалі посьпехі рэвалюцыянэраў у Тунісе з распаўсюдам Сеціва і сацыяльных сетак сярод туніскай моладзі.

Новы ўрад быў створаны прэм’ер міністрам Ганушы, які і запрасіў 33-гадовага блогера заняць пасаду дзяржаўнага сакратара (ці міністра) моладзевай палітыкі і спорту. Так з вязьніцы Слім Амому трапіў наўпрост у міністэрскае крэсла.

Раней новасьпечаны дзяржаўны сакратар кіраваў фірмай, што займалася распрацоўкай вэб-сайтаў. Таксама ён вядомы як прыхільнік вольнага распаўсюду кантэнту ў Сеціве, а таксама сябра швэдзкай Пірацкай партыі, што выступае супраць абмежаваньняў на распаўсюд музыкі і фільмаў у Інтэрнэце.


Так цяпер выглядае працоўнае месца Слім Амому

Слім Амому ўжо заявіў у Твітэры, што пачне сваю працу ва ўрадзе з устаноўкі альтэрнатыўнай апэрацыйнай сыстэмы Linux на сваім працоўным кампутары. А галоўная супярэчнасьць, якая пакуль узьнікла ў яго з кіраўніцтвам — нежаданьне блогера насіць гальштук. Зрэшты, на апошнім паседжаньні ўраду Слім Амому ўсё ж зьявіўся ў гальштуку, што патлумачыў сваёй прыхільнасьцю да міністра юстыцыі.

Бліжэйшая задача блогера — змаганьне з інтэрнэт-цэнзурай у туніскім Сеціве, якая дагэтуль існуе, нягледзячы на ўцёкі прэзыдэнта.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0687 seconds.