Адлічаныя студэнты зьвязваюць свае праблемы з «Плошчай»

Менскіх студэнтаў пачалі адлічаць «за Плошчу». Так, прынамсі, лічаць у камітэце абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», які зафіксаваў як мінімум тры выпадкі адлічэньня з ВНУ студэнтаў-удзельнікаў сьнежаньскіх пратэстаў у Менску. Афіцыйная прычына адлічэньня — няздача залікаў альбо курсавых.

Як перадае БелаПАН, зь Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту аднаго студэнта ўжо пасьпелі адлічыць. Яшчэ дваіх студэнтаў Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту праінфармавалі ў дэканаце, што ім выдадуць дакумэнты аб адлічэньні да канца тыдня. У аднаго зь іх ня прынялі залік, а ў іншай студэнткі — курсавую.

У найбольш небясьпечным становішчы знаходзяцца студэнты, што адбылі адміністратыўныя арышты пасьля сьнежаньскіх пратэстаў. Адным зь першых «палітычных» адлічэнцаў стаў студэнт апошняга курсу БДПУ Андрэй Лугін. Як паведамляе Радыё Свабода, Андрэю «не пашчасьціла» здаць адзін з залікаў пасьля дзесяцісуткавага арышту.

Паводле інфармацыі ініцыятывы «Студэцкая Рада», ціснуць таксама і на выкладчыкаў, ад якіх патрабуюць «арганізаваць» няздачу іспытаў альбо залікаў для пэўных студэнтаў.

Тым, хто асьцерагаецца магчымых завалаў у час здачы іспытаў, праваабаронцы раяць добра да іх падрыхтавацца і па магчымасьці запісваць на дыктафон свае размовы з выкладчыкамі, а таксама «змагацца» за свае правы.

[Што рабіць, калі ўзьнікаюць праблемы «з-за Плошчы»]

Зрэшты, працягнуць навучаньня адлічаныя па палітычных матывах студэнты змогуць у іншых краінах. Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт ужо заявіў аб жаданьні ўладкаваць такіх студэнтаў, на першы час бясплатна. Падтрымаць беларускіх студэнтаў вырашылі таксама ў Польшчы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.061 seconds.