Беларускія The Stampletons — поп-музыка па ўсіх канонах пачатку 60-х

9 сьнежня выйшаў дэбютны альбом гурта The Stampletons. Прэзэнтацыя альбома адбылася ў клюбе «Рэактар». Не прайшло і тыдня з моманту выхаду трэцяга сынгла гурта «I Say Goodbye», як на суд публікі музыкі прадставілі свой дэбютны альбом. Існуючы 1,5 гады (першае выступленьне адбылося 31 траўня 2009), The Stampletons граюць бескампрамісны біт, што зьяўляецца вялікай рэдкасьцю ня толькі на постсавецкай сцэне, але і на Захадзе, дзе на тысячу гаражных, панк і трэш каманд прыходзіцца ў лепшым выпадку 1-2 каманды, якія вызнаюць першароднае біт-гучаньне.

The Stampletons — гэта поп-музыка ў лепшым сэнсе гэтага слова, аформленая па ўсіх канонах пачатку 60-х. Перад тым як вынесьці сябе на суд грамадзкасьці, The Stampletons пэдантычным чынам рыхтавалі ўварваньне. Гэта тычыцца як крышталёва чыстага, выверанага клясычнага біт-гучаньня ў духу раньніх Kinks і іх шматлікіх эпігонаў, у тым ліку з Скандынавіі і Ўсходняй Эўропы, і тэкстаў песень, так і той формы, у якой гэта ўсё падаецца. Бездакорны зьнешні выгляд гурта ўражвае ня менш музыкі — прычоскі і адзеньне, вінтажныя інструмэнты — ні сучка, ні задзірынкі, і, галоўнае, ніякіх «авось» і халтурнай сырасьці.

Пры ўсёй наіўнасьці і ідэалізьме, гурт вельмі сур’ёзна падыходзіць абсалютна да ўсяго, што зь ім адбываецца, трымаецца з гонарам і годнасьцю, і гэта падкупляе, выклікаючы асацыяцыі з такімі асобамі як Ray Davies, Steve Marriot, Graham Day, Paul Weller ў іх лепшыя гады.

«Песьні для дэбютнага альбома пісаліся на працягу прыблізна паўтара гадоў, — распавядае гітарыст і вакаліст гурта Алекс. — Cамая „старажытная“ — From A Window, самая „сьвежая“ — The Sweetest Girl In Town. Запіс пачалі ў сакавіку, а скончылі толькі ў жніўні. Вельмі доўга працавалі над зьвядзеньнем, але вынікам засталіся задаволеныя. Мабыць, гэта першы наш запіс, за які мне ня сорамна».

У пачатку 2011 года гурт плянуе адправіцца ў свой першы тур. Спампаваць альбом можна тут. У хуткім часе CD-вэрсія зьявіцца на прылаўках беларускіх музычных крам.

13:00, 27/12/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2549 seconds.