Рэпэры PANaNieba: «Варта прымусіць слухача задумацца»

Малады рэр-гурт PANaNieba выпусьціў свой першы студыйны альбом — «Людзі на балоце». Праца паступіла ў музычныя крамы. Хлопцы ўжо рыхтуюць наступную плытку, свае сольныя альбомы — пра гэта ды іншае распавядаюць у інтэрвію SP Kava ды S’viedak.

«Уявіце сабе танцора, які ведае толькі адзін танец і не спрабуе зрабіць нічога іншага. Гэта ж глупства. У жыцьці, як і ў рэпе, галоўнае не стаяць на месцы. Неабходна ўвесь час разьвівацца і спрабаваць зрабіць нешта новае. Хіп-хап — гэта такая культура, дзе ты або рухаесься наперад, або проста застаесься нікім. Таму мы ніколі не спыняемся», — выказваюцца маладыя рэпэры з нагоды выхаду свайго першага студыйнага альбому «Людзі на балоце».

Прэсс-рэліз вашага альбому ўжо гуляе па Сеціве. Ці хацелі б вы дадаць да яго што-небудзь ад сябе?

SP Kava: На працу над альбомам пайшло два плённых гады. Проста аднойчы селі і вырашылі, што трэба сур’ёзна папрацаваць. За гэты час мы шмат чаму навучыліся.

S’viedak: 11 сьнежня, дарэчы, у караоке-бары менскага клюба «Рэактар» будзе такая імправізаваная ці то прэзэнтацыя, ці то прэс-канфэрэнцыя. Назвы нават не падбяру. Запросім тых, хто прымаў удзел у працы над альбомам. Увогуле створым такую ўтульную атмасфэру, бо хацелася б каб і слухачы маглі кантактаваць з намі, і самім хочацца даведацца іх уражаньні. Але і сапраўдная прэзэнтацыя будзе. Заплянавалі яе на вясну.

Да аднаго з трэкаў вы здымалі кліп. Што гэта была за песьня і чаму абралі менавіта яе?

S’viedak: Гэта трэк «Наша Пакаленьне». Ну вось проста так сталася, што абралі менавіта яе. На той час, калі здымалі, яна здавалася найбольш актуальнай. Калі б здымалі зараз, я б выбраў іншы трэк. Яшчэ на выбар паўплывала тое, што ў кампазыцыі прысутнічае жывая гітарная партыя.

А якія ўражаньні засталіся ад працы на здымачнай пляцоўцы?

SP Kava: На адным з дахаў, калі здымалі масоўку, здарылася невялікая прыгода, але зараз пра гэта распавядаць не буду. Той, хто быў, і так усё ведае.

S’viedak: У мяне супярэчлівыя ўражаньні. Час, час, час… Ён падціскаў. Ды і ўвогуле праблем дастаткова было. Зараз кліп ужо амаль гатовы, але на тэлебачаньне ён не пойдзе. Выкладзем яго выключна ў Сеціва, бо лічу: не дацягнулі дастатковага ўзроўню. Але карцінка будзе яшчэ тая!

А засталося што-небудзь, што не атрымалася рэалізаваць на гэтым альбоме?

SP Kava: Так, некалькі трэкаў не ўвайшлі на CD. Хутчэй за ўсё выкінем іх крыху пазьней у Сеціва.

Вы зараз рыхтуеце наступны альбом?

S’viedak: Так. Зроблена ўжо палова працы. А яшчэ ў бліжэйшы час плянуем прэзэнтаваць у Сеціве новы трэк. У яго нават назвы яшчэ няма дакладнай — ніяк ня можам вызначыцца.

SP Kava: Гэта будзе такі непалітызаваны трэк пра палітыку. Яго задума ў тым, што звычайныя людзі маюць свае пэўныя пазыцыі і павінны рабіць выбар і дзейнічаюць згодна сваіх перакананьняў, а палітыка хай застаецца палітыкам.

А апроч альбому якія яшчэ пляны маеце? Магчыма, будуць выступы ў бліжэйшы час?

S’viedak: Мы не імкнемся выступаць кожны дзень. Гэта ажыцьцявіць рэальна, але мы глядзім, хто і куды запрашае. Будуць запрашаць сур’ёзныя людзі — будзем выступаць. Увогуле я зараз працую над сваім сольным альбомам. Там я буду такім, якім я зьяўляюся самастойна, за межамі PANaNieba.

SP Kava: Думаю, ад мяне таксама можна чакаць сольніка. Але пакуль пішу біты да новага альбому PANaNieba, дапамагаю S’viedak’у з музычнай часткай.

Распавядзіце, як увогуле ўзьнік ваш гурт. Як вы пазнаёміліся адзін з адным?

S’viedak: Мы зь дзіцячага садка разам. І ў школе разам былі, пакуль не пачалося ў старэйшых клясах усялякае прафіляваньне. А пачалі мы разам «муціць» яшчэ гадоў у 8–9 зь вершаскладаньня, хадзілі ў адмысловы гурток. Гэта потым Юра прынёс паслухаць мне свой першы хіп-хап трэк. Там такі моцны біт быў.

SP Kava: І я колькі памятаю, заўсёды былі разам. Быў праўда пэрыяд гады з тры, калі зусім ніякіх стасункаў ня мелі. Потым неяк зноў сышліся, і пайшло-паехала.

Растлумачце, што азначаюць вашыя імёны.

SP Kava: Давай без гэтага, добра?

S’viedak: S’viedak — гэта скарачэньне ад слова «сьветапогляд». Што бачу, якім успрымаю гэты сьвет, што думаю, тое і выкладаю на музыку.

Можаце ўзгадаць свой самы першы выступ? Якія пачуцьці ў вас тады былі?

S’viedak: Як зараз памятаю: гэта было 4 сакавіка 2006 года. Гэтая дата лічыцца датай узьнікненьня гурта. То быў нейкі конкурс паміж школамі. Мы ў ім перамаглі.

SP Kava: Прыемна было, што перамаглі. Хваляваліся вельмі тады, рыхтаваліся. Зараз зусім інакш на ўсё гэта глядзіш.

А ніколі не ўзьнікала жаданьня кінуць усё?

SP Kava: Шчыра кажучы, ніколі. Я спрабую рабіць песьні найперш так, каб яны падабаліся мне самому. S’viedak часта кажа, маўляў, што ты так накручваеш, цябе ж ніхто не зразумее. А я лічу, што варта прымусіць слухача задумацца.

Як вашыя бацькі ставяцца да вашага захапленьня?

S’viedak: Нармальна. Яны ўвогуле зараз у Маскве, а я тут самастойна ўжо даўно жыву. Вось хутка прыедуць пагасьціць — паслухаюць альбом упершыню.

SP Kava: Мае ўсур’ёз не ўспрымаюць. Але і супраць не маюць нічога.

Вы сварыцеся паміж сабой? Бывае так, што адзін хоча зрабіць адно, а другі бачыць гэта зусім інакш?

SP Kava: Канешне бывае…

S’viedak: Заўсёды! Нас заўсёды цягне ў розныя бакі. Мы як два паўшар’і мозгу. І самастойна цудоўна дзейнічаем, а толькі калі разам, тады і атрымліваецца цэлы, дасканалы арганізм — PANaNieba.

А час на адпачынак атрымліваецца знайсьці?

SP Kava: Так, здараецца (сьмяецца). Але ў гэтым жыцьці ўвесь час кудысьці трэба бегчы.

Набыць CD можна: у дыскарнях «Містэрыя Гуку», па адрасе вул. Машэрава, 8 (Менск, сядзіба партыі БНФ), праз тэл. (+375 29) 6490888, замовіць праз сайт Knihi.com.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.