Гурт s.d.m. вяртаецца зь міні-альбомам

Пасьля крыху зацягнутага маўчаньня ды небыцьця гурт s.d.m. зноўку вяртаецца на беларускія музычныя прасторы. Музыкі прэзэнтуюць у Сеціве свой ЕР.

Уладальнік галоўнага прыза фэстывалю «Басовішча-2006», а таксама ляўрэаты полацкага «Рок-Кола» s.d.m. самі вельмі рады і ўсхваляваны сваім нечаканым для многіх вяртаньнем.

«Шматлікія паўзы ў дзейнасьці калектыву былі проста вынікам жыцьцёвых абставін: у каго экзамэны, у каго пытаньні „працы“, хтосьці вясельлем заняты =) і гэтак далей», — тлумачыць лідэр s.d.m. Саша Сірык.

«Што датычыцца самога запісу: усё рабілі за свой кошт, што і выклікала падчас нежаданыя прыпынкі дзейнасьці, але ж, лічу, гэтыя рэаліі беларускага «шоў-бізу» сёньня ні для каго не зьяўляюцца сакрэтам. Дзякуй, дарэчы, усім, хто дапамагаў непасрэдна з працэсам запісу ды, увогуле, падтрымліваў каманду па жыцьці», — прызнаецца Сірык.

s.d.m. рады падараваць слухачу свой імправізаваны ЕР 2010, які паслужыць своеасаблівай затраўкай да галоўнага рэліза ад гурта — паўнавартаснага альбому.

«У стылістычным накірунку гэты рэліз ЕР 2010 спалучае ў сабе адразу некалькі музычных стыляў: рок, панк, грандж, крыху дыска. Нават своеасаблівы вальс прысутнічае. Кожны знойдзе ў ім штосьці цікавае. Прынамсі, мы на гэта шчыра спадзяемся».

У складзе гурта цяпер чацьвёра музыкаў: Саша Сірык — вакал, гітара; Андрэй Кібэр — сола-гітара; Сяргей Б. — бас-гітара; Аляксей М. — бубны, бэк-вакал. 27 лістапада хлопцы зноўку выйшлі на сцэну — выступілі на супольным канцэрце з IQ48 i :B:N:.

Спампаваць EP 2010 ад s.d.m. можна на старонцы гурта «ВКонтакте». 

09:30, 29/11/2010 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.068 seconds.