Рок на філфаку БДУ

28 сакавіка на філялягічным факультэце БДУ прайшоў рок-фэст «Сустрэнемся на філфаку». У залі было шмат народу. Напрыканцы гледачы не хацелі адпускаць сваіх улюбёнцаў са сцэны. Музыкі нават выходзілі на біс. Але пра ўсё па парадку.

Першым на сцэну выйшаў малады гурт «Шампунь». Прасьпявалі некалькі песень па-ангельску. У тым ліку, кавэры на «Red Hot Chili Peppers».

Вядучая прадставіла гурт «Band A»: «Яны нават ужо запісалі альбом, толькі чамусьці яшчэ не выпусьцілі :)». А «Band A» сапраўды запалілі публіку. Апагеем стала выкананьне песьні «Рэвалюцыя».

Потым залі было прапанавана даць расшыфроўку абрэвіятуры S.D.M. Былі варыянты «сыны Дзеда Мароза», «сонечны death мэтал» і іншыя. А хлопцы з гурта «S.D.M.» прафэсійна адыгралі свой сэт, і ўдзячная публіка вітала іх што было моцы.

Хэдлайнэры фэсту - каманда «Абшар» - выступалі апошнімі. Заля іх горача вітала. І хлопцы выклаліся на сцэне на ўсе сто адсоткаў. Быў нават рок-н-рол пад гармонік. Саліст «Абшару» Ільля Паплёўка распавёў пра арганізацыю фэсту:

«Мы праводзім такі канцэрт ужо ў чацьвёрты раз. І трэба адзначыць, што у пляне ажыятажу гэты быў самым пасьпяховым. Трэба адзначыць, што арганізаваць такі канцэрт няпроста. Трэба сабраць шмат подпісаў у прадстаўнікоў службаў бясьпекі, прадстаўнікоў адміністрацыі ўнівэрсытэту, нават у службы аховы працы :). Але файна, што кіраўніцтва нашага філфаку ідзе насустрач у правядзеньні такіх вось канцэртаў.»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.