Толькі 5% менскіх кватэр здаюцца легальна

Толькі каля 33 тысячаў уладальнікаў менскіх кватэр здаюць у арэнду жытло афіцыйным шляхам. Калі ў сярэднім на аднаго ўладальніка прыходзіцца крыху болей за адну кватэру, то гэта прыкладна 5% ад агульнай колькасьці кватэр Менска. Разам з гэтым, армія афіцыйных арандатараў апошнім часам стала імкліва папаўняцца новымі сябрамі.

Адзін з трэндаў апошняга году — павялічэньне колькасьці людзей, якія здаюць жытло афіцыйна. Па словах супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі, растуць сумы падаткаў, якія зьбіраюцца зь фізычных асобаў, што здаюць свае кватэры. За мінулы год зборы выраслі на 9.2%, перадаюць «Мінск-Навіны».

Але як адзначаюць супрацоўнікі падатковай, большасьць такіх арэндадацеляў — уладальнікі дарагога жытла, кошт арэнды якога ў месяц сягае за $500. А вось уладальнікі старых «хрушчовак» сваё жытло не афішуюць. Падатковая праводзіць інспэкцыі з гэтай нагоды, у гэтым годзе яна праверыла каля паўтысячы фізычных асобаў, зь якіх «даналічылі» ў бюджэт каля $60 тысячаў.

Як перадае БелаПАН, улады, каб «збалянсаваць рынкавую і рацыянальную цэну» жытла, плянуюць узьвесьці ў Менску на грошы Беларусьбанка два «даходных дома», дзе б можна было здымаць кватэры. Гэта будуць першыя падобныя праекты ў Беларусі.

Як адзначаюць менскія рыэлтары, канец восені ў гэтым годзе аказаўся даволі незвычайным для рынку арэнды жытла. Попыт дагэтуль перавышае прапанову, што не характэрна для гэтага часу года. Па дадзеных агенцтва «Мінск-Навіны», сярэдні кошт арэнды аднапакаёвай кватэры ў Менску – каля $200, двухпакаёвай - $250 і вышэй.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0553 seconds.