Другі прыход Gods Tower

Gods Tower

Вестка пра вяртаньне герояў беларускай мэтал-сцэны Gods Tower ужо абляцела ўсіх і засталася ў сэнсацыях лета 2010. Аншлягавы першы канцэрт, які «залаты склад» гурта даў у Менску 5 месяцаў таму, толькі пацьвердзіў актуальнасьць вяртаньня музыкаў. Цяпер Gods Tower ня «быў», а «ёсьць» у беларускай музыцы, а менскія прыхільнікі змаглі трапіць на другі канцэрт гурта пасьля вяртаньня: магутна, якасна, у добрых традыцыях Gods Tower і з музычнымі навінкамі.

Канцэрт-вяртаньне легендарных Gods Tower, што прайшоў у Менску 5 месяцаў таму, быў асуджаны на аншляг. У той ліпеньскі вечар давялося форткі адчыняць пасярод канцэрту — энэргетыка зашкальвала. Яно й зразумела — навіна пра вяртаньне гурта літаральна ашаламіла прыхільнікаў, якія за восем гадоў з распаду каманды заслухалі тры альбомы да кожнага слова і ноты, аднак так і не дачакаліся зьяўленьня на беларускай мэтал-сцэне хоць нечага падобнага па ўзроўні на Gods Tower.

Gods Tower

«Я гляджу, мы дагэтуль вам патрэбныя! Вы нам таксама!» — прамаўляў са сцэны лідэр Gods Tower Lesley Knife ўжо на другім канцэрце ў Менску, што прайшоў у «Рэактары» ў гэтую суботу. І меў рацыю. Каб зьмясьціць прыхільнікаў, давялося прыбраць з першага паверха клюба ўсе крэслы і сталы.

Gods Tower

Адмыслова пад канцэрт музыкі зладзілі прэзэнтацыю кліпа на гітовы Rising Arrows. У Сеціва яго пакуль не выкладаюць, аднак хутка праца зьявіцца на музычных каналах.

Лішне казаць, што ўсе песьні прыхільнікі спраўна падпяваюць. Хіба што «немэталёвым» чытачам варта адзначыць, што сучасная аўдыторыя Gods Tower — ня спрэс валасатыя мэталісты ў чорным і цяжкіх берцах. Ля бару хапае «офісных супрацоўнікаў», якія адразу з працы — на канцэрт. І падпяваюць усе. Пляцоўку за сцэнай на другім паверсе акупавалі рознаўзроставыя нефармалы, адзін зь якіх на радасьцях ад сузіраньня «тых самых годстаўэраў» сігануў уніз на сцэну, каб паціснуць руку легендарным музыкам. Gods Tower — гэта як знак якасьці і прыкмета добрага густу.

Gods Tower

Gods Tower выдаў такі магутны сэт, што калі хтосьці па наіўнасьці душэўнай і прыйшоў з ноткамі настальгіі, то іх тут жа зьнішчыла энэргічнай хваляй. Нішто не выдае, што музыкі ня гралі разам амаль дзесяць год. Ну хіба што непрыхаваная радасьць новага гітарыста Зьмітра Лазарэнкі, які ўвесь канцэрт так і сьвяціўся. А яшчэ мора запальнічак (не мабілак!:), абпальваючых пальцы, у натоўпе пад акустычны Mysterious. І «Жыве Беларусь!» на разьвітаньне. Якраз у тур па Беларусі гурт зараз і выпраўляецца. Пасьля Менску выступы чакаюцца ў Лідзе, Горадні, Віцебску.

Gods Tower

Gods Tower

Гурт ужо вярнуўся, ужо грае пасьпяховыя канцэрты ў Беларусі і па-за межамі, ужо няма «сэнсацыі вяртаньня». Застаецца праца, каб ня толькі аднавіць былы ўзровень і выканаць абяцанае — выдаць падрыхтаваны яшчэ ў той час альбом, аднак і паставіць новую плянку якасьці. З першым у музыкаў ужо зараз, мяркуючы па канцэртах, усё атрымліваецца, а пра будучыню пакуль не загадваюць. Аднак падаецца, што так проста сысьці ў музыкаў на гэты раз не атрымаецца.

Поўны фотарэпартаж з канцэрту Gods Tower у Менску 20 лістапада

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.