Кніга Андрэя Лянкевіча «Паганства» перажыла дзьве «катастрофы»


Адмыслова для прэзэнтацыі Андрэй прывёз у Менск жыхарак Пагосту і “комін” для абраду – за 300 кілямэтраў

Ціхі вечаровы будынак, дзе месьціцца Інстытут Гётэ гэтым вечарам не сумаваў — прынамсі, у канфэрэнц-залі 12 лістапада было нязвыкла людна. Крэслаў не хапала, людзі натоўпіліся ў праходзе, туліліся ля сьценаў, сядалі на падлогу. Сьвятло пагасла, і пад чорна-белае слайдшоў зь містычных здымкаў Андрэя Лянкевіча ў залі зьявіліся чатыры постаці, якія напоўнілі ўрбаністычны будынак аўтэнтычнымі беларускімі сьпевамі і абрадамі з Палесься. Так пачалася прэзэнтацыя чаканай кнігі Лянкевіча «Паганства», над якой фатограф працаваў некалькі гадоў. Сам Андрэй сачыў за падзеямі, сьціпла прысеўшы на падлогу ля сьцяны.


«Чуў гісторыю, што сапраўдныя народныя сьпевы па рытмах вельмі падобныя да рытмаў нашых сэрцаў і ўнутраных ворганаў. І калі ідуць песьні ад людзей, якія ведаюць, што яны сьпяваюць, мэлёдыі, якім тысячы гадоў, гэта вібруе разам з вамі і дадае вам гады жыцьця. Я спадзяюся, сёньняшнія 15 хвілінаў сьпеваў дадалі вам некалькі гадзін альбо дзён», — патлумачыў Андрэй і прадставіў жыхарак зь вёскі Пагост Жыткавіцкага раёну.


У кнізе, якая ўвабрала мастацкае адлюстраваньне 10 народных абрадаў, тры фота-гісторыі якраз з Пагосту. Адзін зь іх — Жаніцьбу Коміна — удалося прывезьці ў Менск за трыста кілямэтраў. Чатыры жанчыны рознага веку прадэманстравалі крыху зьбянтэжанай такой блізкасьцю да гісторыі моладзевай публіцы сакральны абрад першага восеньскага запальваньня сьвятла ў хаце.

«Гэта адзін з абрадаў, які цягнецца тысячагодзьдзямі…», — пачынаў тлумачыць Андрэй значнасьць убачанага. «…у жывом відзе», — упэўнена працягнула ўсхваляванага фатографа цікаўная Кацярына Панчэня, лідэрка палескага калектыву і носьбіт невычэрпных гісторыяў ды абрадаў.

Усяго ў кнізе іх 10: Жаніцьба Коміна, шэраг зімовых сьвятаў Каляды — Шчадрэц — Новы год, Гуканьне вясны, Юр’я, Пахаваньне Стралы, Куст, Провады Русалкі, Купальле, Дажынкі ды абрад пераносу «Сьвячы».

«У кого мужык у хаці, ды шчэ й такі толковы, шчо лучыны нарубае — туды побольш вэчорок зьбіралоса», — працягвала на палескай гаворцы спадарыня Панчэня распавядаць пра абрад, прысьвечаны хатняму агню, выклікаючы вясёлую рэакцыю ў моладзі на вызначэньне «талковага мужыка».


«Калі на Беларусі ёсьць душа, то яна сёньня да нас прыехала», — адзначаў, праводзячы госьцяў па завяршэньні абраду, Лянкевіч.

У кнізе прадстаўленыя ня толькі абрады, але й здымкі і апісаньні птушак, жывёлаў, сакральных прадметаў — капішчы, камяні. Аднаму такой працы не пацягнуць — Андрэю дапамагалі аднадумцы, сярод якіх навукоўца Ірына Мазюк з Акадэміі мастацтваў, якая ўзгадвала на прэзэнтацыі гісторыі з агульных вандровак па вёсках.

«У нас у рэспубліцы шмат этнографаў, але для іх гэтая кніжка будзе катастрофай. Яны б чакалі, мабыць, нейкіх дакумэнтальных здымкаў — як звычайна фіксуюць для гісторыі. Калі я пабачыла першыя здымкі [для кнігі], я люта пазайздросьціла, бо гэта іншы ракурс, гэта мастацкая праца — не дакумэнтальная», — адзначыла навукоўца.

Пераважная большасьць здымкаў у кнізе чорна-белыя. Гартаючы старонкі, не пакідае адчуваньне містычнасьці, як быццам зазіраеш у іншы, аднак знаёмы сьвет, нібы ў паралельнае жыцьцё. Кніга складзеная па прынцыпе «жыцьцёвае кола беларусаў» — абрады ідуць ад зімы да зімы, ад канца жыцьця і да пачатку, як кіно ад здымка да здымку. Засьвечанасьць некаторых здымкаў, нібыта выпадковая расфакусаванасьць толькі падкрэсьліваюць містычнасьць.


«Я спрабаваў даць адказ на пытаньне, кім мы былі і кім мы ёсьць цяпер як беларусы», — піша ў прадмове да кнігі Лянкевіч.

Дзеля гэтай працы Лянкевіч пераступіў і «катастрофу для фатографа», як ён яе жартам называў — даверыўся дызайнэру цалкам, які зьмяняў, абразаў здымкі. Аднак дзеля такога фантастычнага выніку гэта было варта таго. «Усё гэта нейкая містыка», — працягваў адзначаць Андрэй ужо па завяршэньні прэзэнтацыі, прынёсшы чарговую скрыню кніг, каб даць аўтографы ды атрымаць віншаваньні ад сяброў ды калегаў.


Кніга выдадзеная ў Літве накладам 1650 асобнікаў. Замовіць кнігу можна праз knihi.by,
а таксама ў кнігарні і галерэі «Ў».

Кніга «Паганства» — ужо другая друкаваная праца яшчэ маладога фатографа Андрэя Лянкевіча, які вядомы ня толькі ў Беларусі, але й выстаўляецца ў замежных галерэях ды мае шмат перамогаў у прэстыжных фотаконкурсах. Аднак пры працы над кнігаю ён правёў празь сябе столькі абрадаў ды пачуў столькі народных песень, якія, згодна пачутай гісторыі, працягваюць жыцьцё, што творчы шлях цяпер чакае Андрэя доўгі і яшчэ больш насычаны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.