16.12 — Лявон Вольскі з «Белай яблыняй грому»

На «Белай яблыні грому» 16 сьнежня Лявон Вольскі выканае новыя кампазыцыі і засьпявае па-харвацку.


Першы канцэрт «Белая яблыня грому» на вершы клясыкаў (ад Чачота да Барадуліна) прайшоў у сакавіку ў Купалаўскім тэатры — у камэрную залю тады зьмясьціліся далёка не ўсе ахвотныя. Але цяпер і гэтага не паўторыш — тэатар закрылі на рэканструкцыю. Таму і было прынятае рашэньне — даць «Белую яблыню грому» ў канцэртнай залі «Мінск». Адметна, што на канцэрт ужо зьбіраюцца гледачы, якія бачылі праграму ў Купалаўскім.

Самы першы квіток набыў… амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан:

«Я быў на першым канцэрце, — кажа спадар Стэфан. — Наш Клюб беларускамоўных амбасадараў стараецца не прапускаць падобныя мерапрыемствы. Тады разам са мной хадзілі амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, амбасадар Польшчы Генрык Літвін, амбасадар Украіны Ігар Ліхавы. Гэтым разам на канцэрт я запрасіў яшчэ амбасадараў Эстоніі, Славакіі і Францыі».

Ці ж варта ісьці на канцэрт тым, хто ўжо быў тады у Купалаўскім? «Варта», — запэўнівае Вольскі.

«У праграму дадаліся два новыя сьпевы — на вершы Ўладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса. Так атрымалася, што яны не патрапілі на дыск. Таму хто патрапіць на канцэрт — пачуе эксклюзіўнае выкананьне!..»

Лявон кажа, што зараз «Крамбамбуля» рыхтуе альбом з традыцыйных і фолькавых песень. Прычым — ня толькі беларускіх.

«Ёсьць француская песьня, ірляндзкая, харвацкая… У альбоме будуць 2 вэрсіі — на мове арыгіналу і па-беларуску. На канцэрце, каб падзівіць народ, зьбіраюся засьпяваць па-харвацку — а потым спраўдзіць, колькі словаў зразумее заля!..»

Канцэрт «Белая яблыня грому» пройдзе 16 сьнежня (чацьвер) а 19-й гадзіне ў КЗ «Мінск». Квіткі: (017) 2801510, (029) 6555596, www.soundline.by.

10:10, 10/11/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0632 seconds.