Мінадукацыі рыхтуецца да фільтрацыі Інтэрнэту

Міністэрства адукацыі патрабуе ад усіх падначаленых арганізацый накласьці абмежаваньне на доступ да сайтаў, якія прызнаныя ў Беларусі забароненымі. Такі загад утрымлівае ліст, разасланы ва ўстановы адукацыі. Таксама мінадукацыі прапанавала дасылаць яму адрасы сайтаў, якія могуць падпадаць пад забарону.

Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі, які займаецца ўкараненьнем указу № 60, накіраваў у Міністэрства адукацыі ліст з патрабаваньнем абмежаваць доступ да экстрэмісцкіх і парнаграфічных сайтаў, на якія беларуская дзяржава наклала забарону.

Паводле перапіскі Міністэрства адукацыі і ААЦ, якая даступная на афіцыйным сайце мінадукацыі, ад усіх падначаленых арганізацый міністэрства патрабуецца «зьвярнуцца да пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг, зь якімі заключаныя дамовы на прадастаўленьне доступу ў сетку Інтэрнэт, з мэтай забесьпячэньня імі абмежаваньня доступу да інфармацыі, забароненай да распаўсюджваньня згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

Мінадукацыі таксама просіць «аб фактах інфармацыі, зьмест якой накіраваны на ажыццяўленьне экстрэмісцкай дзейнасьці, незаконны абарот зброі, наркатычных сродкаў, садзейнічаньне незаконнай міграцыі і гандлю людзьмі, распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў паведамляць па электроннай пошце».

На дадзены момант, як паведамляе БелТА, у зачыненым для грамадзкасьці сьпісе забароненых у Беларусі рэсурсаў значыцца каля 20 сайтаў, як замежных, так і беларускіх. На думку Беларускай дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі, арганізацыі, якая складае сьпіс, гэтыя сайты распаўсюджваюць парнаграфічную ці экстрэмісцкую інфармацыю.

Сьпіс складаецца паводле прынятага ўлетку ўказа прэзыдэнта № 60 і абнаўляецца кожны дзень. Паводле закону, усе установы адукацыі ў абавязковым парадку павінны быць абмежаваныя ў доступе да забароненых сайтаў.

У пачатку тыдня зьявілася інфармацыя аб падрыхтаваных папраўках у адміністратыўны кодэкс, якія прадугледжваюць адказнасьць за парушэньне палажэньняў указу прэзыдэнта № 60.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.