БелТА: беларуская адукацыя лепшая за брытанскую

Беларусь па індэксу ўзроўню адукацыі апярэджвае Нямеччыну, Англію і Японію, паведамляе дзяржаўная інфармацыйная агенцыя БЕЛТА са спасылкай на беларускі ўрад. На жаль агенцыя забылася паведаміць падрабязнасьці таго, як складаецца гэты рэйтынг.

Па індэксе ўзроўню адукацыі Беларусь (якая атрымала ў ім 0.961 пункты) падзяляе з Латвіяй 26 месца і апярэджвае шэраг краін Эўропы — Швэйцарыю (0.936), Чэхію (0.938), Нямеччыну (0.954), Польшчу (0.952), Расею (0.933), а таксама Японію (0.949) і Вялікабрытанію (0.957), паведамляе БелТА.

Таксама агенцыя не забылася прыгадаць, што «ўзровень адукацыі насельніцтва ў Беларусі пастаянна расьце. Па выніках перапісу 2009 году 90% беларусаў мелі вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю ў параўнаньні з 77% у 1989 годзе і 85% у 1999 годзе».

Індэкс узроўню адукацыі зьяўляецца часткай індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу і штогод складаецца ААН. Дадзеныя, прыведзеныя БелТА, адносяцца да рэйтынгу 2009 году, а падлічаныя яны ў 2007-м. Агулам у рэйтынгу Беларусь займае 68 месца.

БелТА забылася прыгадаць, што першае месца ў індэксе ўзроўню адукацыі адышло Кубе, а непасрэдна вышэй за Беларусьсю ў ім знаходзяцца Казахстан і Барбадос. Так атрымалася з-за асаблівасьцяў складаньня рэйтынгу. На гэты індэкс уплывае ўзровень пісьменнасьці дарослага насельніцтва (у многіх заходнеэўрапейскіх краінах гэты паказчык папросту ўжо ня лічаць), а таксама доля колькасьці навучэнцаў, што атрымліваюць сярэднюю, пачатковую ці вышэйшую адукацыю.

Па іншым складнікам рэйтынгу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу Беларусь ня здолела падняцца так высока, як тое адбылося з узроўнем адукацыі. Так, па працягласьці жыцьця наша краіна займае толькі 108 месца ў сьвеце (у сярэднім беларусы жывуць 69 гадоў, першыя ў рэйтынгу Японцы, бо жывуць у сярэднім 82.7 гады).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4222 seconds.